Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вакол участка хадзілі адны і тыя ж групы людзей і пэрыядычна заходзілі ўсярэдзіну”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 18 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Юры Сяргеевіч Бахцераў, Пінск: ) (1) “Хачу выказаць сваё меркаваньне пра сёньняшняе праходжаньне выбараў, як яны праходзілі аб’ектыўна. Я сёньня галасаваў на ўчастку № 26 – гэта гімназія № 1. Як ні дзіўна, я прыйшоў на выбары і ўзяў з сабой Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Калі я атрымоўваў бюлетэнь, чальцы ўчастковай камісіі тлумачылі, як запаўняць бюлетэнь – хоць гэта супярэчыць Вабарчаму кодэксу, гэта катэгарычна забаронена (артыкул 41). Я бачыў, як паказвалі немаладым выбарцам, дзе ставіць, у якую калёнку. Я зрабіў заўвагу чальцам камісіі – яны не рэагавалі на гэта, і я быў вымушаны зьвярнуцца да старшыні камісіі. І толькі пасьля шматразовых маіх патрабаваньняў гэта спынілася. Ну, як спынілася, часова – так сказалі мне пасьля выбарцы, што хадзілі галасаваць пазьней. Але як я зьдзівіўся, калі мяне запрасіў адзін з выбарцаў, які кепска бачыў, і папрасіў: “Патлумач, як трэба галасаваць”. Я зайшоў у кабіну і пачаў чытаць яму бюлетэнь, тлумачыць, як галасаваць – як уварваліся тры чальцы камісіі і паспрабавалі мяне з кабіны выставіць. На гэта я выйшаў і паказаў ім Выбарчы кодэкс, і ў прысутнасьці выбарцаў – чалавек трыццаць іх было – прымусіў зачытаць артыкул 52 Кодэкса. Там напісана, што любы выбарца мае права запрасіць у кабіну для галасаваньня любога, згодна свайму пажаданьню, чалавека, апрача чальцоў участкавай камісіі. Вось вам і галоснасьць, вось вам і аб’ектыўнасьць пры правядзеньні так званых выбараў. Усяго добрага”.

(Слухач: ) “Я тэлефаную, абураны тымі парушэньнямі элемэнтарных нораваў і правоў, якія адбываюцца ў маёй роднай Беларусі. Я лічу, што голас “Свабоды” і ўсе апазыцыйныя сродкі мусяць скончыць сумнявацца ў перамозе народа. Народ падмануты, ня мае доступу да нармальнай інфармацыі. Інфармацыя павінна даносіцца да яго толькі ў выглядзе “перамогі народа”. А гэтыя сумненьні, што Лукашэнка пераможа, усё адно – цар, робіць фальсыфікацыі – павінны зьнікнуць са сродкаў масавай інфармацыі цалкам. Трэба даваць народу ўпэўненасьць у тым, што злачынны рэжым будзе зьвергнуты. Дзякую”.

(Юры Сяргеевіч Бахцераў, Пінск: ) (2) “Выбачайце, што непакою вас зноў. Але хацеў бы дапоўніць свае званкі. Ці ня дзіўна выходзіць, што я, як выбарца, іду на выбары з Выбарчым кодэксам? З усіх дзяржаўных СМІ гучыць, што гэта – дэмакратычная дзяржава. Што гэта за дэмакратычнае грамадзтва, калі мне, як выбарцу, для таго, каб абараніць свае грамадзянскія правы й правы іншых выбарцаў, трэба браць з сабой Вабарчы кодэкс? Вось такі дадатак. Дзякую”.

(Зьміцер: ) “У Стакгольме на працягу тыдня праходзіла незалежнае назіраньне за выбарамі, у беларускай амбасадзе, выбарчы ўчастак № 693. Назіраньне праводзілі беларусы, якія жывуць у Швэцыі, разам з прадстаўнікамі швэдзкай Лібэральнай партыі. Згодна вынікам назіраньня, большасьць выбарцаў прагаласавла супраць рэфэрэндуму. Беларускія прадстаўнікі амбасады ня раз выклікалі паліцыю. Але паліцыя паставілася да назіраньняў за выбарамі станоўча, з разуменьнем. Беларусы, якія жывуць у Швэцыі, плянуюць правесьці акцыю пратэсту ў панядзелак. Акцыя пройдзе пад лёзунгам “Ніхто ня можа нам дыктаваць, як далей нам жыць і каго выбіраць”.

(Слухач: ) “На злобу дня.

Коль всё решает президент, К чему послушные палаты, Где заседают десять лет Глухонемые депутаты? Когда Лука был депутат, И песни пел о долге, чести, А президентом стал – решил Быть властелином аж до смерти. Мораль: когда закон писали, Что будет вечным президент Законодатели не знали.

А ўвогуле. Калі б Лукашэнка і прайграў гэты рэфэрэндум, то ўсё роўна зь ягонай нахабнай нахрапістасьцю у засталыя да перавыбараў два гады ён мог бы яшчэ неаднаразова абвесьці вакол пальца даверлівых суайчыньнікаў. Мне ўжо 80, але я бы хацеў яшчэ крыху затрымацца на гэтым сьвеце, каб убачыць, чым усё ж такі скончыць наш дыктатар – як Мусаліні і Чаўшэску, ці як Піначэт і Мілошавіч. Дарэчы, калі падчас галасаваньня я ўлучыў зручны момант і выклікаў на шчырую размову старшыню ўчастковай выбарчай камісіі, той даверыўся мне і сказаў: “Мы ўсё разумеем, але ад нас нічога не залежыць”. Згадзіцеся, гэтым усё сказана. Дзякую, што пачулі мяне”.

(Спадар: ) “Радыё Свабода”, вось толькі што я пачуў выступ Сьвятланы Навумавай, так званага “палітоляга”, і хачу свае меркаваньні выказаць. Ну ніводнага слова праўды няма – як у яе толькі язык паварочваўся. Вось гаворыць, што па беларускімі тэлебачаньні ўсё толькі няпраўду паказваюць. Значыць, тое, што Жодзіна выпускае машыны для ўсяго сьвету – гэта няпраўда? І што цэмэнт беларускі ідзе на ўвесь сьвет – няпраўда? Тое, што беларускія тэлевізары ідуць на ўвесь сьвет – гэта няпраўда? Тое, што трактары беларускія працуюць ва ўсім сьвеце – гэта няпраўда? І што ў Менску цяпліца ў цэнтры гораду пабудаваная – гэта няпраўда? Як ёй толькі ня сорамна. А тое, што паказваюць, як апазыцыя беларуская езьдзіць па інструкцыі за мяжу – гэта што, таксама няпраўда? Вось такіх палітолягаў вы выпускаеце ў эфір. Цэлы вечар паказваеце пра апытаньне на выхадзе з участкаў – хіба яму можна верыць, гэтаму апытаньню? Вось калі мяне пыталі, за каго я, я сказаў, што супраць Лукашэнкі, а насамрэч – за. Так і іншыя маглі зрабіць. А вы ўсё во – яны праўду кажуць. Не забудзьце перадаць маё тэлефанаваньне гэтаму палітолягу, Сьвятлане Навумавай. Ганьба ёй!”

(Іван Іванавіч Антанюк: ) “Паважаная “Свабода”! Я быў назіральнікам на ўчастку 205, 99-ая акруга. І што магу сказаць? Суцэльная закрытасьць і фальсыфікацыя. Ніводнай зьвесткі пра папярэдняе галасаваньне мне не далі. А пры выніковым падліку галасоў вынікі нам не далі, пратаколы ня вывесілі. Сабраліся яны ўсе і паехалі – як яны сказалі – у адміністрацыю раёна. Вось вам і ўсё – і мы засталіся з носам, мы разышліся дамоў і так нічога не атрымалі. Майце гэта на ўвазе”.

(Спадарыня: ) “У 163-й школе сёньня выдавалі шакалядкі новым галасуючым – тым, каму споўнілася 18 гадоў. Я думала, гэта хабар такі, проста цікава – на якой падставе шакалядкі выдаюцца людзям, якія прыходзяць галасаваць? І чаму такое выбарачнае рашэньне, менавіта моладзі выдаваць – не, каб старым выдавалі. Проста дужа дзіўна ўсё – мяне гэта скрайне абурыла. Не таму, што я не атрымала, а таму, што за шакалядку купляць дзяцей можна толькі, але, прабачце, не паўналетніх. Дзякую”.

(Хаберцоў Аляксандр, участак №: 159, Менск: ) “Мне сорамна быць грамадзянінам. Мінулыя выбары – гэта ганьба, гэта факт нашай непаўнавартасьці. Няхай многія нас лічаць вычварэнцамі. Напрыклад, я не галасаваў, але да закрыцьця пайшоў на ўчастак, каб праверыць, ці мяне не падпісалі. Але па паперцы аказалася, што я прагаласаваў. Другое назіраньне – вакол участка хадзілі адны і тыя ж групы людзей і пэрыядычна заходзілі ўсярэдзіну. Усё. Дзякую”.

(Спадар: ) “Бог, свабода, Амэрыка. Тое, як вяла й па-дэкадэнцку вядзе перадачы беларуская “Свабода”, наводзіць на думку, што вядуць гэбэшнікі. Весялей, хлопцы. Бо ў цэнтры Эўропы ўзьнікла ганебная зьява, якая Расею заразіць можа. А там – ядзерная кнопка. Уяўляеце, што будзе?”

(Лусевіч Міхаіл, Ліда: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Нешта ў вас тэлефон заўсёды абрываецца, калі тэлефануеш вам. Ну ды, Бог з вамі.

“Літва – бацькоўскі край, ты – як здароўе тое: Ня цэнім, маючы, а страцім – залатое. Шкада, як і красы твае, мой родны край…”

Гэта радкі нашага вядомага і славутага паэты Адама Міцкевіча. Яны, як ніколі, падыходзяць нам на сёньняшні дзень, на сёньняшні ранак. Як вядома, пісаліся гэтыя радкі “шкадуючы аб страце той радзімы, каторую парвалі на кавалкі Расея, Аўстрыя і Прусія”. І сёньня мы прадалі сваю краіну – дзякуючы хлусьлівай апазыцыі, дзякуючы таксама й вам, шаноўнае “Радыё Свабода”, з вашымі хлусьлівымі рэйтынгамі і заклікамі да выбараў. Шаноўнае радыё, я зьвяртаюся да вас і да той апазыцыі, якая сёньня яшчэ існуе: калі засталося ў вас яшчэ сумленьне, сыдзіце – сыдзіце ў нябыт, бо вы прадалі ўсё, што можна было прадаць. Прадалі за імкненьне да ўлады – я маю на ўвазе апазыцыю. Дзякуй”.

(Слухач: ) “Паважаная “Свабода”! Я хачу выказацца па выніках выбараў, якія прайшлі ўчора. І хачу сказаць наступнае. Я галасаваў на выбарчым участку за 10 хвілін да яго закрыцьця. Дык вось што я заўважыў: на першым лістку сьпісу было толькі тры подпісы тых, хто прагаласаваў. А на тым лістку, дзе было маё прозьвішча, блізу трыццаці адсоткаў подпісаў не было выканана. Як гутарка можа ісьці пра 90%, якую лухту нашая дзяржава вешае нам на вушы? На ўсё гэта знаходзіцца толькі адно слова – ганьба такой уладзе”.

(Спадар: ) “Хачу падзяліцца ўражаньнямі пра выбары на выбарчым участку № 108 горада Менску. Выбарчая камісія, як кажуць, пайшла на маленькія хітрыкі: на кабіне для галасаваньняў была прыадчынена фіранка, што дазваляла асобе ў цывільным, які сядзеў за выбарчымі скрынямі, назіраць, што робіць выбарца ў кабіне. Калі я ўкінуў бюлетэнь у скрыню для галасаваньня і накіраваўся да выхаду, гэтая асоба перапыніла мяне з пытаньнем: “Пакажыце, што вы адарвалі”. Калі я абурыўся гэтым, ён адышоў. Запалохваюць людзей нават на выбарчым участку. Так куецца “элегантная перамога Лукашэнкі”. Як гэта агідна і мярзотна”.

(Спадарыня: ) “Кішэнная апазыцыя сваёй мэты дасягнула. Яна заманіла людзей, як бараноў на бойню, на выбарчы ўчастак. І зараз рэфэрэндум адбыўся – а больш нічога й ня трэба. Паглядзіце: па Менску не прайшоў ніводны апазыцыйны кандыдат. Думаю, так будзе па ўсёй Беларусі. Ну, некалькі, можа два-тры пройдуць, а больш нічога ня будзе. Галоўным для Лукашэнкі быў рэфэрэндум. Вось тут кішэнная апазыцыя, “Шасьцёрка плюс” ці “Пяцёрка мінус”, тут яны дасягнулі свайго. Яны выканалі замову ўлады”.

(Спадар: ) “Не разумею, навошта нам патрэбны дзьве палаты, калі ёсьць прэзыдэнт Лукашэнка. Пры Лукашэнку гэтыя палаты не патрэбны. Хай грошы… грошы куды заўгодна – ці самалёт купіць сабе, ці яшчэ што-небудзь”.

(Спадарыня: ) “У выбарчай камісіі ўсе настаўнікі, і ім была дадзена каманда, каб усе папярэдне прагаласавалі. Яны прагаласавалі. Мне шкада хлопцаў, якія дзеля іх кладуць здароўе. Балота няхай жыве ў балоце. А што выбары не былі нармальнымі – пра гэта мусіць даведацца ўвесь сьвет”.

(Спадарыня: ) “Якія ж непрыстойныя людзі былі прызначаны працаваць на выбарчых участках. Сорам спадару Зубрыцкаму Валерыю Карпавічу, які ўзначальваў 559-ю выбарчую акругу. Гэты чалавек без усялякіх падставаў пазбаўляўся ад назіральнікаў, не хацеў слухаць ніякіх заўвагаў. Вельмі цяжка і сумна, што такія людзі вырашаюць лёс нашай краіны. Спадар Зубрыцкі! Няхай вам будзе сорамна, што вы, інжынэр па адукацыі, такі неінтэлігентны, такі непрыстойны чалавек. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Добрага ранку. Я наконт мінулых выбараў і рэфэрэндуму. Скажу толькі адно – нават самага апошняга дурня можна зрабіць героем. Уся рэспубліка, усе высокааплатныя ідэолягі, вучоныя, журналісты – усе сродкі, літаральна, усе сродкі. Нам падкінулі газэту “Советская Белоруссия”, дзе расказваюць пра гэты страшны паморак… Жудасна гэта – я маю на ўвазе нашу сытуацыю. Але ў такіх цудоўных рэчах – таварыш Лукашэнка займаецца спортам і інш. – жудасна нагадвае гэта кагосьці з тых страшных людзей. Пацукі нейкія напалі на нашую рэспубліку, чорныя, як у казцы Гофмана – вось яны і дзяўбуць – таму правамерна ўсё, калі яны там яшчэ правільна падлічылі. Рэсурс адміністратыўны, як гэта называецца, і г.д. Усюды ўлазіць – зранку да вечара быў толькі ён на экране. Па радыё, па тэлебачаньні сустракаецца зь людзьмі, з бабулькамі, з моладзьдзю, зь дзяўчынкамі, камусьці падарункі нейкія падносіць. Калі б усё было на роўных, і на 10% не набраў бы ён галасоў”.

(Валер Шаўчэнка, Наваполацак: ) “На вялікі жаль, ні палітычнага экзамэну, ні грамадзянскага сьвята ў дні галасаваньня па рэфэрэндуму і ў Палату не адбылося. Бальшыня ня ведала, і не жадала ведаць пра магчымыя фальсыфікацыі, урокі мінулых падманаў. Тое, што адбывалася, можна азначыць словам “паніхіда па дэмакратыі”. Шмат хто галасуе, як назойліва прапанавалі ідэолягі, “за Беларусь” – нават не заўважылі, што фактычна галасавалі за пажыцьцёвую дыктатуру, за працяг жабрацкага існаваньня ледзь што не ў рэзэрвацыях. Але пра тое, што “кароль быў голы”, памяркоўныя беларусы дазнаюцца толькі пасьля палітычнага спэктаклю ў жанры фарс – тады, калі нешта зьмяніць будзе нашмат цяжэй, чым у кабінцы для таемнага галасаваньня. Адзін сумны вынік – праз выбары і рэфэрэндум зьмяніць рэжым улады ў Беларусі немагчыма. Трэба шукаць іншыя шляхі”.

(Спадар: ) “Шаноўная “Свабода”! Я галасаваў а палове васямнаццатай гадзіны на 502-м выбарчым участку. Журнал для адміністрацыі стракацеў белымі плямамі адсутнасьці подпісаў выбарцаў. На маёй старонцы я пасьпеў пералічыць колькасьць “падпісантаў”. Я стаў толькі 11-м з 30-40 разьмешчаных на старонцы. Вось вам і “больш за 90% прагаласаваўшых” паводле Ярмошынай. Вынік такі: пакуль мы з вамі не пераканаем беларусаў адстойваць свае галасы – а гэта магчыма толькі праз вуліцу – становішча на Беларусі ня зьменіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG