Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас акцыі пратэсту ў Менску больш дзесяці чалавек былі затрыманыя, але потым адпушчаныя


Валер Каліноўскі, Менск Больш за тры гадзіны ў цэнтры Менску доўжылася несанкцыянаваная акцыя беларускай апазыцыі супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Яе ўдзельнікі спрабавалі патрапіць да прэзыдэнцкай адміністрацыі, прайшліся па праспэкце Скарыны, наведалі кіраўніка КДБ Леаніда Ерына. Больш дзесяці чалавек былі затрыманыя, але потым адпушчаныя.

Удзельнікі акцыі, пераважна моладзь, стыхійна зьбіраліся на Кастрычніцкай плошчы. Роўна а шостай вечара, калі на плошчы было некалькі соцень чалавек, на вялікім тэлеманіторы пачаўся выпуск навінаў ОНТ, на экране зьявіўся Лукашэнка, што выклікала воклічы “Ганьба!” і “Без Лукашэнкі!”

Пасьля невялікага выступу лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч, які заявіў пра фальсыфікацыю ўладамі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, ўдзельнікі акцыі разгарнулі лёзунг “Не – трэцяму тэрміну!” і праз праспэкт Скарыны рушылі да адміністрацыі Лукашэнкі.

На подступах да адміністрацыі іх спынілі міліцыянты, але калёна дэманстрантаў прайшла празь іх шэраг, тады выйшаў АМАП і затрымаў каля дзясятка найбольш актыўных удзельнікаў пратэсту, адвёўшы іх у аўтобусы. Яшчэ некалькі актывістаў “Зубра”, у тым ліку Яўген Афнагель, былі папярэдне затрыманыя непадалёк ад Кастрычніцкай плошчы.

Дэманстранты вярнуліся на праспэкт Скарыны. Міліцыя больш іх не спыняла, бо ў цэнтры горада было шмат замежных журналістаў і назіральнікаў. Пазьней на ганку Палаца Рэспублікі быў праведзены мітынг, пад час якога актывісты апазыцыі казалі пра парушэньні падчас выбараў і рэфэрэндуму. На ім выступілі Людміла Гразнова, Сяржук Высоцкі, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч і іншыя.

(Статкевіч: ) “Я ганаруся вамі, вы – гонар нашай краіны, наша надзея, будучыня эўрапейскай Беларусі. Хай Лукашэнка баіцца, заўсёды ён не будзе ва ўладзе, раней ці пазьней ён будзе адказваць перад вамі за тое, што зрабіў учора”.

Пасьля мітынгу частка дэманстрантаў рушыла да будынку КГБ, каб дамагацца вызваленьня Яўгена Афнагеля й Міхаіла Марыніча. Яны скандавалі “КГБ вярні людзей!” Нечакана да іх выйшаў старшыня КГБ Леанід Ерын і запрасіў частку дэманстрантаў і журналістаў на размову да сябе. Тым часам да дэманстрантаў вярнулі з пастарунку актывіста “Зубра” Яўгена Афнагеля. Спадар Афнагель падзякаваў сяброў і назваў вызваленьне першай перамогай.
XS
SM
MD
LG