Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб чым ішла гутарка ў кабінэце старшыні беларускага КГБ?


Любоў Лунёва, Менск Дэманстранты пасьля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы пайшлі да будынку КГБ. Яны скандавалі: “КГБ, вярні людзей!” і “Ганьба!”. Да іх выйшаў кіраўнік беларускага КГБ Леанід Ерын. Ён паведаміў, што адкажа на ўсе пытаньні, у тым ліку й наконт зьніклых асобаў, толькі некалькім журналістам у сваім кабінэце. Спадар Ерын запрасіў да сябе і лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. Сярод запрошаных была наша карэспандэнтка.

Леанід Ерын наконт справы Міхаіла Марыніча паведаміў, што яго трымаюць у сьледчым ізалятары КГБ не за палітычную дзейнасьць, а за крымінальнае злачынства. Ён запэўніў журналістаў, што днямі дзяржаўнае тэлебачаньне будзе дэманстраваць чарговы фільм Азаронка пра акалічнасьці гэтай крымінальнай справы.

Што тычыцца расьсьледваньня зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага, спадар Ерын адказаў, што гэта ня ёсьць прэрагатывай КГБ.

Чаму не расьсьледуюць абвінавачваньні ў цяжкіх злачынствах супраць генэральнага пракурора і шэрагу службовых асобаў? Спадар Ерын паведаміў наступнае:

(Ерын: ) “Паверце, вы яшчэ шмат чаго ня ведаеце. Так, мы можам сказаць, але час яшчэ не надышоў”.

Кіраўнік КГБ паведаміў журналістам, што апазыцыя фінансуецца іншымі краінамі. Леанід Ерын зьвярнуўся да Паўла Севярынца і патлумачыў, што ў таго няма грошай, бо імі распараджаецца Анатоль Лябедзька. А потым дадаў:

(Ерын: ) “У Лябедзькі сёньня, прашу прабачэньня, няма нават 500 даляраў. Няма ў яго гэтых грошай. Вось хацеў ён вам аплаціць. Вось вы сёньня ў мяне сядзіце, а вось колькі вы атрымаеце заўтра? Колькі вам абяцалі? 200, 500 даляраў? Я вось вам магу дастаць хоць зараз з уласнай кішэні...”

Анатоль Лябедзька паведаміў на гэты конт наступнае:

(Лябедзька: ) “Ну, таварыш Ерын мяне, канечне, зьдзіўляе. Навіна для мяне прыемная: калі я курырую фінансавыя патокі, якія могуць хаця б у нечым параўнацца зь ценявым бюджэтам Беларусі – ну што ж, значыць, я нечага дасягнуў у сваім жыцьці. А калі гаварыць шчыра, то на мяне, падаецца, хочуць павесіць абсалютна ўсіх “дохлых сабак”, уключаючы зараз і фінансы”.

Наконт таго, якія краіны фінансуюць беларускую апазыцыю, спадар Ерын адказаў, што ведае пра нядаўні званок Нямцова аднаму зь беларускіх палітыкаў:

(Ерын: ) “Учора тэлефанаваў спадар Нямцоў і казаў, што трэба зрабіць і як. Мы ўсё праслухоўваем!”

Кіраўнік КГБ патлумачыў, што тэлефоны праслухоўваюцца і гэта звычайная практыка. Ён запэўніў прысутных, што слухаюць не толькі палітыкаў, але й кожнага чалавека якім зацікавіліся спэцслужбы.

Кіраўнік КГБ паведаміў, што за кратамі сьледчага ізалятара трымаюць грамадзяніна ЗША Ільлю Мафтэра. Яго абвінавачваюць у махлярстве. Апроч таго, яго абвінавачваюць у фінансаваньні недзяржаўных грамадзкіх аб’яднаньняў.
XS
SM
MD
LG