Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“77% ён ня мог набраць, таму што чаго ж было хвалявацца пра датэрміновае галасаваньне? Чаго дубінай заганяць людзей і пагражаць?!”


Міхал Стэльмак, Менск Як вядома, паводле Цэнтрвыбаркаму, вынесеную на рэфэрэндум ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі ўхваліла звыш 77 адсоткаў выбарцаў. Ці давяраюць беларусы афіцыйным вынікам рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў? Што думаюць на гэты конт асобы, якія бралі ўдзел у выбарчай кампаніі? Адказы на гэтыя пытаньні высьвятляў наш карэспандэнт.

Як вынікае з афіцыйных лічбаў, за зьмены ў Канстытуцыі й магчымасьць Аляксандра Лукашэнкі трэці раз стаць прэзыдэнтам Беларусі прагаласавала каля 5 мільёнаў беларусаў, альбо тры выбарцы з чатырох. Дзіўна, але факт: гэтыя лічбы зьдзівілі нават самога Лукашэнку, які прызнаўся ўчора, што не чакаў такой актыўнасьці.

Дык ці насамрэч меў месца такі грамадзкі энтузіязм? Вось што мяркуе на гэты конт жодзінская пэнсіянэрка Людміла Шчэрбовіч:

(Шчэрбовіч: ) “Дубінай заганялі людзей галасаваць. І пагражалі, што яны працуюць па кантракце. І трэба, маўляў, падумаць. Нават дворнікаў. Я ведаю, ЖЭУ вазіла людзей галасаваць на выбарчы участак. У нас на ўчастак прыйшла жанчына і прасіла, каб ёй далі зьвесткі, што яна прагаласавала. Бо дырэктар быў незадаволены, хаця старшыня сказаў, што яна прагаласавала. Вось зьвесткі далі, што яна непрагаласавала. І яны прыходзіла расстроеная. Вось і ўвесь энтузіязм – загналі людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Ці верыце вы, што 77 адсоткаў выбарцаў прагаласавала ў падтрымку прапановы Лукашэнкі?”

(Шчэрбовіч: ) “Такую лічбу ён ня мог набраць, таму што чаго ж было хвалявацца пра датэрміновае галасаваньне?! Чаго дубінай заганяць людзей і пагражаць?! Калі чалавек пагражае, дык ён жа з-за нечага хвалюецца”.

Падобныя меркаваньні атрымлівалі практычнае пацьвярджэньне падчас назіраньня за кампаніяй. Шмат хто з удзельнікаў гэтай выбарчай кампаніі сьцьвярджае, што факты маніпуляцыі галасамі выбарцаў былі ледзьве не на кожным выбарчым участку. Напрыклад, вось што распавяла мне Сьвятлана Гарбачова, якая брала ўдзел у назіраньні на ўчастку ў мястэчку Лошніца Барысаўскага раёну:

(Гарбачова: ) “У нас мела месца разыходжаньне ў галасох – амаль на тысячу. Людзі, якія заходзілі, я іх у сшытку запісвала. Колькі народу прыходзіла – у мяне атрымалася тысяча. А ў канцы я спытала старшыню ўчастковай камісіі–ён сказаў, што 1900 чалавек прагаласавала ў гэты дзень. Там атрымалася 99 адсоткаў. Гэта наагул нерэальна. Бо яны самі казалі, што мала людзей прыходзіць”.

Падобныя фальсыфікацыі, паводле іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі, павінны быць даведзеныя да ведама шырокай грамадзкасьці. Паколькі, маўляў, так званая “элегантная перамога” ў сапраўднасьці ёсьць вынікам маніпуляцыяў і парушэньняў заканадаўства. Гэтак, у прыватнасьці, лічыць Леў Марголін, які браў удзел у выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі па Барысаўскай акрузе №77:

(Марголін: ) “Мы зафіксавалі некалькі такіх грубых парушэньняў, па якіх пададзім скаргі ў пракуратуру. На некалькіх участках не падлічвалі асобна датэрміновае галасаваньне – адразу зьмешвалі ўсе скрыні разам. Наша задача – давесьці ўсе гэтыя вынікі да слухача і чытача”.
XS
SM
MD
LG