Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ”: улады пабойваліся байкоту рэфэрэндуму


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

Улады пабойваліся байкоту рэфэрэндуму, лічаць аглядальнікі “Белорусской Деловой Газеты”. У сёньняшнім нумары газэты згадваецца пра тое, што агітацыя за выбары й рэфэрэндум вялася па ўсіх тэлеканалах ад самога ранку, нягледзячы на яе забарону выбарчым заканадаўствам. Па ўсёй сталіцы былі пушчаныя агітацыйныя аўтобусы, што заклікалі зрабіць свой выбар, ад якога будзе залежаць далейшы лёс краіны. Аб адзінаццатай гадзіне раніцы тэлеканал “Лад” абнародаваў дадзеныя апытаньняў, якія ладзілі актывісты БРСМ, якія сьведчылі, што з васьмі тысяч апытаных 82 адсоткі прагаласавалі за пытаньне, вынесенае на рэфэрэндум, хоць гэта таксама ёсьць грубым парушэньнем заканадаўства.

У сьвежым нумары “БДГ” шэраг матэрыялаў прысьвечаны таксама вынікам парлямэнцкіх выбараў, якія за рэфэрэндумам быццам адышлі ў цень. Так, у артыкуле “Падножкі перад фінішам” апавядаецца пра тое, як кандыдатаў ад дэмакратычнай апазыцыі здымалі з дыстанцыі літаральна пачкамі, у выніку чаго некаторыя акругі зусім засталіся без такіх кандыдатаў. З 406 афіцыйна зарэгістраваных на 4 кастрычніка кандыдатаў да выбарчай нядзелі дайшло толькі 330 чалавек.

Газэта “Инфо-курьер” публікуе матэрыял на іншую тэму – пра сям’ю случчанаў, што адпачывалі ў Эгіпце якраз у той час, калі там здарыліся тэракты. Яны знаходзіліся у тым гатэлі, дзе прагрымелі выбухі. Са словаў беларускіх сьведкаў здарэньня, гэта было падобна да сапраўднага пекла, яны выжылі толькі цудам: калі прыбылі ў гатэль на колькі гадзінаў раней, то засяліліся б у забраніраваны пакой, а ня ў іншы. А той пакой, што ім прызначаўся, быў акурат у эпіцэнтры выбуху.

А прачытаўшы “Брестскую газету” можна ўпэўніцца ў тым, што ў дзень правядзеньня выбараў і рэфэрэндуму ў буфэтах усіх сталічных выбарчых участкаў менчукам прапаноўвалі багаты асартымэнт харчоў, прычым без гандлёвых нацэнак, а значыцца, на 25 адсоткаў таньней, чым у крамах. На ўласную прадукцыю прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня й гандлёвых цэнтраў усталёўвалася не 70-адсоткавая надбаўка, а толькі 40-адсоткавая.
XS
SM
MD
LG