Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калегія Гарадзенскага абласнога суду разгледзіць касацыйныя скаргі Валерыя Леванеўскага й Аляксандра Васільева


Сяргей Астраўцоў, Горадня 19 кастрычніка калегія Гарадзенскага абласнога суду разгледзіць касацыйныя скаргі Валерыя Леванеўскага й Аляксандра Васільева – кіраўнікоў страйкаму прадпрымальнікаў краіны. Яны абскарджваюць рашэньне суду Ленінскага раёну, паводле якога іх прызналі віннымі ў публічнай абразе прэзыдэнта Лукашэнкі. Прысуд – два гады зьняволеньня для кожнага – быў абвешчаны 7 верасьня. Абодва яны сядзяць за кратамі ў гарадзенскай турме №1. У суд іх сёньня дастаўляць ня будуць, бо гэта непрадугледжана.

Варта сказаць, што прысуд за абразу Лукашэнкі Леванеўскаму і Васільеву зачыталі менавіта 7 верасьня. У гэты дзень адбылася яшчэ адна, не абы-якая падзея: Аляксандар Лукашэнка абвясьціў свой рэфэрэндум пра трэці тэрмін. Такое супадзеньне не выглядала звычайнай выпадковасьцю. Бо пакаралі Леванеўскага і Васільева ня толькі за ўлётку зь вершыкам, але таксама за арганізацыю Першатравеньскага мітынгу прадпрымальнікаў, якія голасна запярэчылі: “Не – трэцяму тэрміну!”

Дакладна месяц таму ўначы ў турэмнай камэры N85 адбылося абмеркаваньне абвешчанага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб трэцім тэрміне. Вёў сход Валеры Леванеўскі. Гаворыць ягоны сын Уладзімір:

(Уладзімір Леванеўскі: ) “Бацька разам з сукамэрнікамі правялі сход, дзе вырашылі, што калі ў іх будзе магчымасьць, яны адкажуць рашучае “не” трэцяму тэрміну Аляксандра Рыгоравіча. Таксама яны абмеркавалі тое, што менавіта праз нашага прэзыдэнта ў нас столькі зьняволеных, прычым больш паловы зь іх лічаць, што пасаджаны ні за што”.

Канешне, іхняй думкай ніхто не пацікавіўся. Нагадаю, што Леванеўскі і Васільеў зьбіраліся ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, за іх вылучэньне зьбіралі галасы. Аляксандру Васільеву нават удалося ўдалося здаць гэтыя подпісы. Яго не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, калі ён ужо сядзеў за кратамі.

Валерыя Леванеўскага неўзабаве перавялі ў іншую камэру, бо ён навучыў вязьняў пісаць скаргі і дамагацца паляпшэньня умоў існаваньня. Ён увогуле хутка наладзіў адносіны зь іншымі зьняволенымі. Мяркуючы па ўсім, нават за кратамі Валеры Леванеўскі думае пра будучыню і марыць зноўку паспрабаваць узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Калі не надарыцца ніякай амністыі, яго выпусьцяць 15 траўня 2006 году. Ягоны сын Уладзімір гаворыць:

(Уладзімір Леванеўскі: ) “Бацька сказаў, што вось калі будуць выбары і калі ён зможа стаць кандыдатам у прэзыдэнты, то ўсе гэтыя турэмныя зьняволеныя будуць галасаваць за яго”.

Вось з такімі марамі пра будучыя прэзыдэнцкія выбары сядзяць вязьні ў Гарадзенскай турме №1.
XS
SM
MD
LG