Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць жанчыны-дэпутаты адстойваць у новай Палаце прадстаўнікоў жаночыя інтарэсы?


Уладзімер Глод, Менск Жаданьне Аляксандра Лукашэнкі мець у складзе парлямэнту 30-40 адсоткаў жанчын, якое ён некалькі разоў выказваў публічна, зьдзейсьнілася. У новай Палаце будзе ажно 31 жанчына-дэпутатка параўнальна з 12 дзейнымі. Як да гэтага ставяцца ў Беларусі?

Я спрабаваў успомніць дэпутатак цяперашняга складу Палаты. Найперш узгадаліся Натальля Машэрава, Марыя Худая, Марыя Вінакурава, Сьвятлана Гіль. Зь іншымі цяжэй. Нешта не адклаліся ў памяці іхныя постаці, ня кажучы ўжо пра іхныя ініцыятывы. Таму я зьвярнуўся да дэпутата Сяргея Скрабца з пытаньнем: што думае ён наконт пашырэньня жаночага складу парлямэнтароў і як гэтая зьява можа паўплываць на дзейнасьць Палаты прадстаўнікоў?

(Скрабец: ) “Мая думка такая – колькасьць жанчын не ўплывае на якасьць парлямэнту. Таму што наш парлямэнт – гэта дэкарацыя. Можна залічыць у яго 70% жанчын, нават 90, але гэта нічога ня зьменіць. А тое, што там цяпер 31 жанчына? Ну, вельмі добра. Будзе каго запрасіць таньчыць”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, спадар Скрабец, ці можаце Вы ўзгадаць нейкія ініцыятывы вашых калегаў-дэпутатак?”

(Скрабец: ) “Была адна – Машэравай Натальлі Пятроўны – выйсьці ў прэзыдэнты. Потым яна ад гэтага адмовілася. Іншых нейкіх значных захадаў я ня памятаю”.

А што думаюць на гэты конт жанчыны, якая ў іх пазыцыя? Я размаўляў з кандыдатам філялягічных навук, выкладчыцай Натальляй Кулінкай, якая стала займаецца гэндарнымі працэсамі. Пасьля размовы зь ёй ў мяне засталося ўражаньне, што аптымізму ад пашырэньня жаночай часткі дэпутацкага корпусу яна ня мае. Вось ейнае меркаваньне:

(Кулінка: ) “Адно пытаньне, наколькі змогуць гэтыя жанчыны адстойваць інтарэсы ўласна жанчын. Гэта – фэмінізацыя беднасьці, дыскрымінацыя жанчын на рынку працы. І вось тут у мяне няма ніякага аптымізму, паколькі я чытала перадвыбарныя праграмы і ўлёткі дастаткова вялікай колькасьці кандыдатаў у дэпутаты – жанчынаў. І што мяне ўразіла? Нават тыя жанчыны, якія ішлі на выбары, так бы мовіць, з дэмакратычным гаслам, адразу адводзяць сабе другія ролі. Яны казалі, што калі жанчыны пройдуць у парлямэнт, то тады законы будуць мець мужчынскі розум і жаночую лёгіку. Яны казалі, што жанчыны ёсьць адказныя за выхаваньне моладзі й таму мусяць быць у парлямэнце. Але гэта адразу другія ролі. І гэта, дарэчы, вельмі спалучаецца з тым абгрунтаваньнем, якое даў Прэзыдэнт, калі ён заявіў пра гэтую квоту ў 30-40 адсоткаў і адразу ж патлумачыў чаму: маўляў, жанчыны больш міралюбівыя, больш спакойныя. І з-за гэтага ўвесь парлямэнт будзе такім спакойным і памяркоўным”.

А ці могуць новыя дэпутаткі пераключыць сваю ўвагу, напрыклад, на абарону і прапаганду агульнадэмакратычных каштоўнасьцяў? У якасьці экспэрта я зноў зьвярнуўся да спадарыні Кулінкі. Паказальна, што перад тым як адказваць на гэтае пытаньне, яна папрасіла ўдакладніць, хто ж тыя новыя дэпутаткі, што прыйшлі ў палату, паводле сацыяльнага статусу, службовага становішча. Пасьля таго, як спадарыня Натальля даведалася, што новыя дэпутаткі – гэта чыноўнікі, кіраўнікі фабрык ды ўстановаў, яна зрабіла наступныя высновы:

(Кулінка: ) “Відавочна, што жаночыя інтарэсы яны адстойваць ня будуць. А ці будуць яны тады адстойваць хаця б дэмакратычныя каштоўнасьці й інтарэсы? Мяркуючы паводле таго, адкуль прыйшлі гэтыя дэпутаткі й каго яны прадстаўляюць, то, мабыць, і тут аптымізму быць ня можа”.
XS
SM
MD
LG