Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША: “Беларускі народ пазбавілі магчымасьці зрабіць свабодны й справядлівы выбар”


Алеся Сёмуха, Вашынгтон 18 кастрычніка прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр на прэсавай канфэрэнцыі пракамэнтаваў пагляд ЗША на Рэфэрэндум і выбары ў парлямэнт Беларусі.

“Як вы ведаеце, мы неаднаразова заклікалі Беларусь прытрымлівацца міжнародных стандартаў, стандартаў АБСЭ што да парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Пачатковая справаздача назіральнікаў з офісу АБСЭ па дэмакратычных інстытуцыях і правах асобы дэманструе, што выбары не адпавядаюць узятым на сябе Беларусьсю стандартам АБСЭ.

На вялікі жаль, беларускі народ пазбавілі магчымасьці зрабіць свабодны й справядлівы выбар. Міжнародныя назіральнікі адзначылі шмат сур’ёзных парушэньняў урадавымі структурамі падчас падрыхтоўчай кампаніі, якія такім чынам патэнцыйна сказілі вынікі на сваю карысьць яшчэ перад галасаваньнем.

Выбарчыя парушэньні працягваліся падчас галасаваньня й падліку галасоў. Нам вядома, напрыклад, што вынікі апошніх апытаньняў паказваюць зусім адрозную карціну сымпатыяў выбаршчыкаў ад тых вынікаў, якія абвясьціў беларускі ўрад.

Мы таксама занепакоеныя тым, што ў дзень выбараў былі арыштаваныя й зьбітыя журналісты, і мы заклікаем урад Беларусі неадкладна забясьпечыць расьсьледаваньне ўсіх гэтых фактаў”.

На пытаньне, якія будуць наступствы да Беларусі з боку ЗША, Рычард Баўчэр адказаў: “Мы яшчэ гэта разглядаем. Як вы ведаеце, нашыя адносіны з Беларусьсю і так вельмі нацягнутыя з-за праблемаў з дэмакратыяй. І апошнія падзеі, на жаль, замест таго, каб паправіць сытуацыю, ідуць у ранейшым кірунку”.
XS
SM
MD
LG