Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі тысяч чалавек выйшлі пратэставаць супраць вынікаў рэфэрэндуму - менчукі выказвалі сваю салідарнасьць з дэманстрантамі


Любоў Лунёва, Менск У дзень абвяшчэньня вынікаў галасаваньня на Кастрычніцкай плошчы зьбіраліся людзі, каб абмеркаваць вынікі рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў. А 6 вечара іх было каля двух сотняў чалавек. Празь некалькі хвілінаў людзі пайшлі да будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Нягледзячы на тое, што на вуліцы Энгельса дарогу ім перакрыў жывы ланцуг амонаўцаў, дэманстранты кінуліся на прарыў. Амонаўцаў у бронекамізэльках было значна больш за ўдзельнікаў дэманстрацыі. Некалькі чалавек затрымалі, але ўсіх потым адпусьцілі. Наша карэспандэнтка знаходзілася разам з дэманстрантамі, а потым была запрошана да кіраўніка КГБ разам з двума журналістамі і лідэрам Маладога Фронту Паўлам Севярынцам.

Нагадаем, як разгортваліся падзеі. Спачатку дэманстрантаў было літаральна каля двух сотняў чалавек. Да прысутных зьвярнуўся лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец. За імі пайшлі людзі. Яны вялі за сабой людзей да канца акцыі.

Цікава, што звычайна ў часе так званага “хапуну” людзей становіцца меней, але гэтым разам за паўгадзіны ўдзельнікаў акцыі стала ў некалькі разоў болей.

Менчукі выказвалі сваю салідарнасьць з дэманстрантамі. Людзі выходзілі з аўтобусу. Калі калёна выходзіла на праежджую частку, то кіроўцы амаль як адзін падавалі сыгналы й паказвалі з адчыненых вокнаў аўтамабіляў знак перамогі.

Дэманстратыўна да плошчы пад’яжджалі аўтобусы з амонаўцамі і салдатамі. Здавалася, што літаральна праз хвіліну пачнецца “зачыстка”, але людзі ішлі й ішлі на плошчу. Кіраўнік беларускага КГБ Леанід Ерын выйшаў да дэманстрантаў, каб спыніць мітынг каля будынку ягонай установы. Раней такога не было.

Мікола Статкевіч і Павал Севярынец, безумоўна, былі лідэрамі ў гэтай акцыі. Мікола Статкевіч падсумаваў яе вынікі для Радыё Свабода:

(Статкевіч: ) “Нягледзячы на тое, што адбылося, на гэтае жудаснае нахабства, беспрэцэдэнтныя фальсыфікацыі – гэта найлепшае сьведчаньне слабасьці і страху рэжыму. Раней гэтага ня трэба было рабіць, таму што яны выйгравалі і так, а зараз людзі хочуць дэмакратыі, людзі хочуць свабоды. Сотні тысячаў людзей, якія не хадзілі ніколі на выбары, прыйшлі на гэты рэфэрэндум, каб паспрабаваць адваяваць свабоду. Учора тысячы маладых людзей выйшлі на вуліцы Менску, каб заявіць свой пратэст. Яны не пабаяліся пайсьці да будынку адміністрацыі прэзыдэнта. Так што я думаю, што сытуацыя мяняецца – вось гэта галоўнае”.

Мяне, разам зь іншымі журналістамі, запрасіў да сябе кіраўнік беларускага КГБ Леанід Ерын. Спадар Ерын адказваў на пытаньні журналістаў 40 хвілінаў. Натуральна, пытаньні задавалі наконт зьніклых асобаў. Але кіраўнік КГБ паведаміў, што яшчэ не прыйшоў час, каб рабіць нейкія заявы, але запэўніў, што шмат чаго ведае.

Спадар Ерын казаў наконт фінансаваньня апазыцыі іншымі краінамі. З размовы вынікала, што днямі мы ўбачым новы фільм Азаронка наконт і справы Міхаіла Марыніча і фінансаваньня апазыцыі. Журналісты даведаліся, што ў “амэрыканцы” трымаюць экспэрта ПРА ААН Ільлю Мафтэра, грамадзяніна ЗША. Яго абвінавачваюць у махлярстве, але такімі злачынствамі займаецца пракуратура. Спадар Ерын казаў пра тое, што Ільля Мафтэр фінансаваў грамадзкія аб’яднаньні і параўнаў яго зь Пітэрам Бэрнам, якога дэпартавалі некалькі гадоў таму. Спадар Ерын адказаў на пытаньні журналістаў наконт праслухоўваньня прыватных размоваў па тэлефоне і чамусьці паведаміў, што зарабляе 400 даляраў.

Гл. таксама:

Адбыўся мітынг у цэнтры Менску супраць вынікаў рэфэрэндуму - да ўдзельнікаў выйшаў шэф КГБ Ерын
XS
SM
MD
LG