Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнтка “Boston Globe” дзеліцца ўражаньнямі ад Беларусі і выбараў


Віталь Цыганкоў, Прага У адрозьненьні ад многіх заходніх выданьняў, якія публікавалі на сваіх старонках паведамленьні інфармацыйных агенцтваў альбо уласных карэспандэнтаў у Маскве, карэспандэнтка газэты “Boston Globe” Анна Даўгова напярэдадні рэфэрэндуму наведала Менск і піша пра тое, што бачыла на свае вочы.

“21-гадовы Павал дастае балёнчык з фарбай з-пад сваёй скураной курткі і піша адзінае слова на сьцяне будынку ў цэнтры Менску –“Не”. За тыя дзень ці два, пакуль гэтае слова не зафарбуюць супрацоўнікі камунальных службаў, большасьць мінакоў, якія пабачаць гэты графіці, ведаюць, што яно азначае – заклік галасаваць супраць намеру Аляксандра Лукашэнкі зрабіць сябе пажыцьцёвым прэзыдэнтам.

Тое, што зрабіў Павал, можа быць пакарана тэрмінам да двух гадоў зьняволеньня, але крытыкі Аляксандра Лукашэнкі фактычна ня маюць іншых сродкаў выказваць сваё меркаваньні”, – піша карэспандэнтка газэты “Boston Globe” Анна Даўгова.

Урад кантралюе усе тэле-і радыёстанцыі ў краіне, зачыняе незалежныя выданьні і пераўтварае іншыя ў сродкі прапаганды. Газэта “Советская Белоруссия” публікуе фотаздымкі прэзыдэнта на кожнай з чатырох старонках спэцвыпуску, што выйшаў у чацьвер – Лукашэнка трымае дзяўчынку на руках, Лукашэнка разглядае пшаніцу, Лукашэнка ў вайсковай форме, Лукашэнка ў форме нацыянальнай футбольнай зборнай.

У Беларусі пануе страх.

Людзі не гавораць пра палітыку па тэлефоне, яны ўжываюць кодавыя словы, абазначаючы месцы сустрэчы. Карэспандэнтка “Boston Globe” апытвала людзей на вуліцах, а таксама сустракалася са шматлікімі актывістамі праваабарончых і апазыцыйных арганізацыяў. У руху супраціву “Зубр” распрацаваная сыстэма, паводле якой толькі нешматлікія сябры арганізацыі ведаюць, дзе друкуюцца улёткі і налепкі, якія распаўсюджваюць актывісты. “Чым менш я ведаю, тым лепш. То, чаго я ня ведаю, я не магу выдаць сьледчым” – гаворыць прэсавы сакратар “Зубра” Аляксандр Атрошчанкаў. Ана Даўгова, карэспандэнтка газэты “Boston Globe”, заканчвае свой артыкул наступнай карцінкай з натуры – “мужчына сярэдняга веку паглядзеў на графіці са словам “Не” і ўхвальна заківаў галавой. Але ўжо праз некалькі сэкундаў ён апусьціў галаву, згорбіўся, уцягнуў плечы і прысьпешыў свой крок”.
XS
SM
MD
LG