Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Віцебску: Ці правільна былі падлічаныя галасы на выбарах ды рэфэрэндуме?


Браніслава Станкевіч, Віцебск На пытаньне Радыё Свабода адказваюць жыхары Віцебску.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, па ўсіх чатырох віцебскіх акругах перамаглі кандыдаты ад улады. Кожны зь іх набраў ня менш як 65% галасоў ды адназначна перамог яшчэ ў першым ды адзіным туры. Як кажуць чальцы камісіяў, на пытаньне рэфэрэндуму таксама станоўча адказалі ня менш як 70% жыхароў Віцебшчыны. Але ці вераць віцебскія выбарцы, што іхныя галасы былі падлічаны правільна?

(Спадарыня: ) “Не зусім у гэта веру, асабліва што тычыцца датэрміновых выбараў. Усё ж людзей гналі галасаваць гвалтам, настойліва раілі, што трэба выбіраць кандыдатаў ад улады. Так што ня веру я, што ўсё правільна палічылі”.

(Спадар: ) “Я там быў, і нават ведаю, што дакладна яны парушылі, і які артыкул!”

(Спадарыня: ) “Не, там нічога сфальшаваць нельга. Усё ж там сачылі за гэтым, так што…”

(Спадар: ) “Канечне, ня веру! Я што, падобны да ідыёта?”

(Спадарыня: ) “Усё было нармальна на выбарчых участках, усё было правільна. І сябры камісіяў працавалі чэсна, так што ня трэба на іх казаць дрэннае, калі ласка!”

(Спадар: ) “З майго дому хадзілі на выбары адсоткаў, можа, 60. І ўсе, каго я ні пытаўся, кажуць, што галасавалі супраць. А тут неяк атрымалася, што ўсе — за!”

(Спадарыня: ) “Канечне, няправільна лічылі! У нас на 37-м участку старшыня з сакратаром зачыніліся ўдвох ды самі лічылі бюлетэні. А потым самі сказалі, што паехалі ў акруговую камісію. Але ж там іх не было, і зьявіліся яны гадзіны праз чатыры. Дзе яны былі ўвесь гэта час, з пратаколамі ды бюлетэнямі — пытаньне!”

(Спадар: ) “Усё было шчыра! Выбары прайшлі добра, як мае быць: усе прагаласавалі за прэзыдэнта, за Беларусь. За яе росквіт. За будучыню дзяцей ды ўнукаў! Наша БРСМ назірала за выбарамі, і я магу сказаць, што ўсё было правільна й вельмі прыгожа зроблена!”

(Спадар: ) “Божа збаў! Былі ўчасткі, на якіх ні назіральнікаў, ні сябраў камісіяў нават не пускалі! Гэтыя выбары — проста цынічны фарс! Я такіх выбараў ня памятаю за апошнія дзесяць гадоў! Гэта ганьба для нашае краіны!”
XS
SM
MD
LG