Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя высновы: незалежныя назіральнікі з ініцыятывы “Партнэрства” лічаць вынікі выбараў і рэфэрэндуму несправядлівымі


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” падвялі 18 кастрычніка вынікі свайго незалежнага назіраньня за хадой галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў і рэфэрэндуме. Каардынатар ініцыятывы Мікалай Астрэйка адзначае вялікую колькасьць парушэньняў уладамі выбарчага заканадаўства і гаворыць, што гэтае галасаваньне нельга прызнаць справядлівым і легітымным.

Каардынацыйны цэнтар ініцыятывы “Партнэрства” сёньня працаваў усю ноч. Яго сябры апрацоўвалі інфармацыю аб шматлікіх фактах парушэньня камісіямі выбарчага заканадаўства. Гаворыць каардынатар “Партнэрства” Мікалай Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Падчас галасаваньня, якое назірала грамадзянская ініцыятывы “Партнэрства”, было зафіксавана больш за 1500 самых розных парушэньняў. Сярод іх вельмі грубыя, якія тычацца падліку галасоў. Выбарцаў прымушалі галасаваць, парушэньні, датычныя выдаленьня назіральнікаў з выбарчых участкаў, фальсыфікацыяў і маніпуляцыў са сьпісамі выбарцаў, і таго, што выбарчыя скрыні й бюлетэні не былі дастаткова абароненыя ад фальсыфікацыяў”.

3500 назіральнікаў выставіла “Партнэрства” ва ўсіх 110 выбарчых акругах Беларусі на кожным чацьвертым участку. Але больш за 400 назіральнікаў былі выдаленыя з участкаў і не былі дапушчаныя да назіраньня за падлікам галасоў. Назіральнікаў выдалялі за тое, што вялі паралельны падлік яўкі выбарцаў, цікавіліся выбарчымі сьпісамі, станам бюлетэняў і г.д. Парушэньні заканадаўства таксама былі шматлікімі. 25% беларускіх выбарцаў, паводле назіральнікаў “Партнэрства”, прагаласавалі датэрмінова — і на многіх зь іх аказваўся ціск.

Так, напрыклад, на 73-м участку Лепельскай акругі датэрмінова прагаласавала 98% выбарцаў, і падобных прыкладаў даволі шмат. Пасьля галасаваньня на многіх участках назіральнікаў не дапусьцілі да падліку галасоў, а дапушчаныя стаялі далёка ад сталоў камісіяў і не маглі бачыць працэсу падліку. На некаторых участках выбарчыя скрыні былі вынесеныя з памяшканьня ўчасткаў, а ў Віцебскай і Берасьцейскай абласьцях скрыні ўвогуле былі пагружаныя ў машыны і вывезеныя ў невядомым кірунку.

Назіральнікі “Партнэрства” і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ не былі дапушчаныя і ў будынкі 75 акруговых выбарчых камісіяў. На некаторых участках многія выбарцы не маглі знайсьці свайго прозьвішча ў сьпісах для галасаваньня. Іх проста выкрэсьлівалі на падставе таго, што яны ня ўдзельнічалі ў ранейшых выбарах. Незалежныя назіральнікі ня маюць пэўнасьці, што галасы гэтых людзей, занесеных у дадатковыя сьпісы, былі ўлічаныя.

Каардынатар “Партнэрства” Мікалай Астрэйка робіць па выніках незалежнага назіраньня такую выснову:

(Астрэйка: ) “На жаль, тыя шматлікія парушэньні, якія былі зафіксаваныя назіральнікамі “Партнэрства”, не дазваляюць нам назваць гэтыя выбары свабоднымі й справядлівымі, а іх вынікі легітымнымі й законнымі”.

Назіральнікі склалі па фактах парушэньняў больш за 600 актаў, частка якіх ужо перададзеная ў пракуратуру.
XS
SM
MD
LG