Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца назіральнай місіі АБСЭ: “60% назіральнікаў заявілі, што падлік галасоў быў кепскім”


Юры Сьвірко, Менск Кіраўніца доўгатэрміновых назіральнікаў ад АБСЭ амбасадарка Одры Главэр паўтарыла заяву намесьніцы старшыні ПА АБСЭ Тунэ Тынгсгорд пра тое, што беларускія выбары значна не адпавядалі забавязаньням Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе, і падкрэсьліла, што гэта “не раптоўная выснова”.

(Главэр: ) “Мы былі заклапочаныя паліцэйскімі рэйдамі ў перадвыбарчых офісах, затрыманьнямі аднаго з кандыдатаў, удзельнікаў кампаніі ды ўнутраных назіральнікаў, а таксама шматлікімі паведамленьнямі аб прымусе галасаваць у дачыненьні да некаторых групаў, у прыватнасьці студэнтаў. Дзяржаўныя мэдыі прадэманстравалі моцную тэндэнцыйнасьць, адлюстроўваючы апазыцыю ў пераважна нэгатыўных тэрмінах і адначасова праводзячы пашыраную кампанію на карысьць цяперашніх уладных палітычных сілаў. Было ня толькі тэндэнцыйнае асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі — апазыцыйныя партыі не атрымалі амаль ніякага асьвятленьня, у той час як прэзыдэнт і ўрад мелі 90% асьвятленьня тых пытаньняў, якія былі зьвязаныя з выбарамі”.

Одры Главэр падала канкрэтныя прыклады масавых парушэньняў выбарчага заканадаўства Беларусі:

(Главэр: ) “Пераважалі пэўныя праблемы кшталту таго, што на 14% выбарчых участкаў прысутнічалі людзі без дазволу, на 7% выбарнікам дазвалялі галасаваць без пасьведчаньняў асобы, а ў 8% выпадкаў няправільна напаўняліся скрыні для галасаваньня. Але больш непакоіў падлік галасоў, які 60% нашых назіральнікаў ацанілі як кепскі. Падліку на бальшыні выбарчых участкаў, за якімі назіралі, бракавала празрыстасьці. Лічбы не агучваліся ўголас падчас іх высьвятленьня. Назіральнікам далі толькі абмежаваныя магчымасьці глядзець за працэсам, а працэдура запаўненьня пратаколаў не выконвалася. Былі выпадкі, калі пратаколы запаўняліся па-за межамі пакою, дзе лічылі галасы, пасьля тэлефонных размоваў зь невядомымі асобамі. У Баранавічах назіральнікі заўважылі, што ў некаторых скрынках для датэрміновага галасаваньня былі суцэльныя пачкі бюлетэняў, што мяркуе падкідваньне бюлетэняў”.
XS
SM
MD
LG