Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі АБСЭ прызналі беларускія выбары неадпаведнымі стандартам Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе


Юры Сьвірко, Менск “Мы прыехалі назіраць за выбарамі, а атрымалі рэфэрэндум”, — заявіла адмысловая каардынатарка ў справе назіраньня за выбарамі ў Беларусі, намесьніца старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Тунэ Тынгсгорд. Яна й кіраўніца доўгатэрміновых назіральнікаў ад АБСЭ амбасадарка Одры Главэр падалі шматлікія факты парушэньняў выбарчага заканадаўства.

Найперш Тунэ Тынгсгорд зазначыла, што назіральнікі АБСЭ сачылі за рэфэрэндумам толькі ў той ступені, у якой ён уплываў на выбары, а высновы наконт апошніх грунтаваліся на працы каля 270 назіральнікаў з 38 краінаў.

(Тынгсгорд: ) “Наша агульная выснова гэткая: парлямэнцкія выбары 17 кастрычніка значна не адпавядалі забавязаньням АБСЭ. Беларускія ўлады ня здолелі забясьпечыць фундамэнтальныя ўмовы, неабходныя для таго, каб воля народу служыла падмуркам ўлады ўраду. Свабодзе выказваньняў, асацыяцыяў і сходаў быў кінуты сур’ёзны выклік. Гэта ставіць пад пытаньне жаданьне ўладаў паважаць прынцып палітычнай канкурэнцыі на падставе роўных умоваў”.

Апрача гэтых заяваў, назіральнікі АБСЭ распаўсюдзілі пісьмовыя папярэднія высновы наконт выбарчай кампаніі ў Беларусі. Спадарыня Тынгсгорд ахарактарызвала гэтыя выбары так:

(Тынгсгорд: ) “Дэмакратычныя прынцыпы збольшага не паважаліся ўладамі. Шмат якіх кандыдатаў актыўна не рэгістравалі або пазбаўлялі рэгістрацыі, што абмяжоўвала выбар, даступны для выбарнікаў. Былі абмежавальныя правілы наконт агітацыі, якія былі абцяжараныя выпадкамі дыскрымінацыі на карысьць праўрадавых кандыдатаў і супраць апазыцыі. Хаця мы адмыслова не назіралі за рэспубліканскім рэфэрэндумам, мы бачылі, як ён збольшага зацяніў парлямэнцкую выбарчую кампанію. Маштаб рэфэрэндумнай кампаніі, яе нястрыманая тэндэнцыйнасьць і яе нерэгуляванае ўмяшаньне на выбарчых участках стваралі значна скажоную атмасфэру кампаніі. Іншымі словамі, мы прыехалі сюды назіраць за парлямэнцкімі выбарамі, але мы знайшлі тут рэфэрэндум”.
XS
SM
MD
LG