Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка назваў вынікі рэфэрэндуму “ашаламляльнымі”


Ганна Соусь, Менск Аляксандар Лукашэнка задаволены вынікамі рэфэрэндуму. Пра гэта ён сёньня заявіў на сустрэчы зь міжнароднымі назіральнікамі й прадстаўнікамі беларускіх і замежных мэдыяў. Як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі расцаніў кіраўнік Беларусі прыняцьцё ў іншых дзяржавах адмысловых законаў, датычных Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што сам не чакаў такога выніку рэферэндуму:

(Лукашэнка: ) “Вынікі рэфэрэндуму былі для мяне ашаламляльнымі. Я не чакаў і такой яўкі, і такога працэнту падтрымкі. У сувязі з гэтым я хачу падзякаваць грамадзянам Беларусі за тую калясальную ашаламляльную падтрымку, якую яны аказалі мне”.

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што няма ніякай неабходнасьці шукаць падману і фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на выбарах і рэфэрэндуме. “Нам гэта ня трэба было. Народ на 27% аддаў болей галасоў, чым гэта неабходна для вырашэньня пытаньня на рэфэрэндуме”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. Ён таксама заявіў пра “найжарстчэйшы ціск звонку” ў часе падрыхтоўкі да выбараў і рэфэрэндуму. Паводле Лукашэнкі гэта заказныя высновы экспэртаў, санкцыі, загадзя агучаныя ацэнкі галасаваньня, якое яшчэ не адбылося. Кіраўнік Беларусі заявіў, што “асабліва заклапочаныя дзяржавы дайшлі да таго, што прымалі ў сваёй краіне законы, якія тычацца іншых дзяржаваў”.

Лукашэнка расцэньвае гэта як умяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі. Відавочна, ён меў на ўвазе “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, прыняты Кангрэсам ЗША.

(Лукашэнка: ) “Тым больш, што Канстытуцыі некаторых эўрапейскіх краінаў, так званых старых дэмакратыяў, не абмяжоўваюць для кіраўніка дзяржавы колькасьць спробаў абірацца”.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч наступным чынам пракамэнтаваў гэтую заяву:

(Шушкевіч: ) “Я не такі вялікі знаўца эўрапейскага заканадаўства. Ведаю, што ў Брытаніі каралеву ніхто не мяняе. Калі ён лічыць, што ён да яе дарос, дык няхай бы адукацыю адпаведную атрымаў, а то, прабачце, невук. Учора адбылося найвялікшае нахабства, якое толькі можа быць. За што людзі галасавалі, як галасавалі, супраць каго, гэта засталося, фактычна ў сьметніку”.

Аляксандар Лукашенка лічыць малаверагодным, што Захад здолее сутнасна скрытыкаваць Беларусь у сувязі з вынікамі выбараў і рэфэрэндуму. Паводле яго нават Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) не чакала такога выніку і ўзяло тайм-аўт — нібыта дзеля таго, каб апрытомнець і падрыхтаваць справаздачу. Аляксандар Лукашэнка лічыць, што амаль 95% усяго, што гавораць пра Беларусь за мяжой, гэта хлусьня.

Доступ журналістаў на сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі зь міжнароднымі назіральнікамі й прадстаўнікамі беларускіх і замежных СМІ быў абмежаваны. Як патлумачыла Радыё Свабода прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч, сустрэча ёсьць адмысловым мерапрыемствам, а ня прэсавай канфэрэнцыяй. Першапачаткова плянавалася, што сустрэча Лукашэнкі будзе трансьлявацца ў жывым эфіры, але гэтага не адбылося.

***

Адказваючы на пытаньне журналістаў, зьвязаным з заявамі аб фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і выбараў, Аляксандар Лукашэнка заявіў наступнае.

(Лукашэнка: ) “Я ніяк не магу зразумець, што яны сапраўды гавораць, што выбары і рэфэрэндум былі сфальсыфікаваныя? Ці гэта тое, што яны да выбараў гаварылі? Ці яны пасьля выбараў ужо робяць такія заявы? Я шчыра кажучы, ня чуў пасьля выбараў і рэфэрэндуму такіх заяваў. Некаторыя сюды прыехалі са справаздачамі падрыхтаванымі. Я іх чытаў. Але іх ўразіў сам працэс. Няўжо нармальны, памяркоўны, добры, прыстойны чалавек, я гэта назіральнікам сказаў, у яго павернецца язык сказаць, што гэты працэс быў недэмакратычным?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG