Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кобрыні рашэньне акруговай камісіі абвесьцілі пасьля прыезду міліцыянтаў


Алег Супрунюк, Берасьце Насуперак зьвесткам назіральнікаў, ні ў воднай з акругаў Берасьцейшчыны ня будзе прызначаны другі тур галасаваньня. Некаторыя кандыдаты пачалі абскарджваць абвешчаныя вынікі выбараў.

На выбарах у Палату прадстаўнікоў абраныя дэпутаты ва ўсіх 16 акругах, што былі сфармаваныя ў Берасьцейскай вобласьці. Пра гэта раніцай 18 кастрычніка паведаміў начальнік упраўленьня арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкаму Аляксандар Каляда.

Яшчэ ўначы пасьля выбараў сытуацыя выглядала няпэўнай. Паводле зьвестак ад назіральнікаў, прызначэньне другога туру галасаваньня чакалася ў трох акругах. Так, у Пінску дэпутат Палаты прадстаўнікоў мінулага скліканьня Іван Кібак аспрэчвае рашэньне акруговай камісіі, якая абвясьціла пра перамогу ў першым туры былога міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Васіля Двараніновіча. Спадар Кібак лічыць, што ягоны канкурэнт не набраў неабходнай колькасьці галасоў.

Паводле некаторых крыніцаў, у Кобрыні рашэньне пра абраньне дэпутатам Віктара Кучынскага, былога памочніка Аляксандра Лукашэнкі, было абвешчанае толькі пасьля таго, як у гэты горад зь Берасьця прыехалі супрацоўнікі адмысловага аддзелу міліцыі. Аднак афіцыйным чынам пацьвердзіць гэтыя зьвесткі не ўдалося.

У самім Берасьці ў акрузе №3 пераможцай прызнаная дэпутатка Валянціна Качан. Аднак сябра “Народнай грамады” Валянцін Лазарэнкаў, які заняў у гэтай акрузе другое месца і чые прадстаўнікі былі на ўсіх участках, зьбіраецца абскарджваць абвешчаныя вынікі.

(Лазарэнкаў: ) “Паводле дадзеных нашых назіральнікаў, за маю канкурэнтку Валянціну Качан прагаласавала каля 44–45%, а на некаторых участках гэтая лічба меншая амаль удвая. І тады значная частка камісіяў фактычна спыніла сваю працу і разам з пратаколамі паехала ў акружную камісію. Назіральнікі чакалі іх да гадзіны ночы, а дзе — і да двух, але так і не дачакаліся. Выбарчыя ўчасткі былі зачыненыя. А сёньня раніца нам аб’яўляюць пра перамогу Качан, хаця ня ўсе пратаколы трапілі ў акружную камісію своечасова”.

Паводле берасьцейскіх уладаў, колькасьць тых, хто прагаласаваў у вобласьці, нават большая, чым абвясьціла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, і склала 89,1% выбарцаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, у некаторых вёсках Берасьцейскага і Іванаўскага раёнаў усе выбарцы без выключэньня станоўча адказалі на пытаньне вынесенае на рэфэрэндум.
XS
SM
MD
LG