Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле афіцыйных дадзеных гарадзенскі лідэр БНФ набраў чвэрць галасоў выбарцаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Старшыня Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Мікола Воран набраў на выбарах у Палату прадстаўнікоў прыблізна чвэрць галасоў. Гэта —паводле афіцыйных дадзеных. Ён балятаваўся ў Гарадзенскай Занёманскай акрузе N51. У акруговай выбарчай камісіі нашаму карэспандэнту паведамілі, што канчатковыя лічбы яны вызначаць на сваім паседжаньні ўвечары.

Мікола Воран зазначае, што супраць яго вялася несумленная гульня. Вялікім накладам былі распаўсюджаны правакацыйныя ўлёткі нібыта ад ягонага імя. Ён лічыць, што на частку выбаршчыкаў яны, безумоўна, маглі паўплываць. Істотнай перашкодай для яго, як для кандыдата, было тое, што па тэлебачаньні адмовіліся паказваць ягоны выступ.

Спадар Воран падкрэсьлівае, што ён выступаў з акрэсьленай нацыянальнай, фронтаўскай пазыцыі. Ён не хаваў сваёй прыналежнасьці да БНФ, а, наадварот, усяляк яе дэманстраваў.

(Воран: ) “Аптымізму мне надае той факт, што за мяне, як за лідэра гарадзкой арганізацыі партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” паводле афіцыйных дадзеных прагаласавалі 25-27% выбарцаў. Гэта надае аптымізму, што працэнт нашых прыхільнікаў, нягледзячы на рэпрэсіі, не зьніжаецца, а, наадварот, трохі расьце. І гэта нягледзячы на тое, што была масіраваная прапаганда за рэфэрэндум, што палівалі брудам дэмакратычных кандыдатаў”.
XS
SM
MD
LG