Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сябры Цэнтарвыбаркаму могуць патрапіць у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўрапейскага зьвязу


Алесь Дашчынскі, Менск Сябры фракцыі эўрапейскай народнай партыі й эўрапейскіх дэмакратаў Эўрапарлямэнту, сябры дэлегацыі ў стасунках Эўрапарлямэнту з Рэспублікай Беларусь Барбара Кудрыцка і Яцэк Пратасевіч лічаць, што вынікі выбараў у Беларусі нельга прызнаць легітымнымі.

Польскія дэпутаты Барбара Кудрыцка і Яцэк Пратасевіч уваходзяць у дэлегацыю Эўрапарлямэнту, якая прыехала ў Беларусь на запрашэньне Партыі БНФ і АГП. Яны ня мелі статусу афіцыйных назіральнікаў, бо ўлады Беларусі праігнаравалі адпаведны запыт з Брусэлю. Тым ня менш, дэлегацыя магла цягам двух дзён весьці назіраньне, хаця яе магчымасьці былі абмежаваныя. Дэлегацыя падрыхтуе адмысловую справаздачу для старшыні найбуйнейшай і найбольш уплывовай фракцыі парлямэнту — эўрапейскай народнай партыі й эўрапейскіх дэмакратаў. Дэпутаты спадзяюцца, што на падставе гэтай справаздачы Эўрапейскі парлямэнт прыме рэзалюцыю па Беларусі.

Якія ж рэкамэндацыі будуць у гэтай справаздачы? Гэтае пытаньне да Яцэка Пратасевіча:

(Пратасевіч: ) “Арганізацыяй, якая ўпаўнаважана даваць афіцыйныя заключэньні на падставе рапартаў акрэдытаваных назіральнікаў, зьяўляецца АБСЭ. Мы са свайго боку будзем рыхтаваць справаздачу для дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Я буду настойваць на тым, каб у гэтай справаздачы была запісана рэкамэндацыя: неадкладна ўключыць сябраў Цэнтарвыбаркаму ў дзейны сьпіс з чатырох асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу”.

Дэпутат Эўрапарламэнту Барбара Кудрыцка падкрэсьліла:

(Кудрыцка: ) “Галоўная рэкамэндацыя, якая будзе ўтрымлівацца ў гэтай справаздачы, заключаецца ў тым, што такая вялікая колькасьць выпадкаў парушэньня выбарчага заканадаўства і само гэтае заканадаўства настолькі недэмакратычнае, што Эўрапарлямэнт ня можа прызнаць легітымнасьці выбараў і тых лічбаў, вынікаў выбараў, якія абвесьціў ці абвесьціць Цэнтарвыбаркам”.
XS
SM
MD
LG