Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёўскай вобласьці дэмакратычныя кандыдаты аспрэчваюць вынікі выбараў


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Ва ўсіх 13 выбарчых акругах Магілёўскай вобласьці абраныя дэпутаты парлямэнту. Кандыдаты, якіх падтрымлівала ўлада, паводле афіцыйнай інфармацыі,перамаглі ў першым туры. Сярод іх — кіраўнікі Палаты прадстаўнікоў мінулага скліканьня Вадзім Папоў і Ўладзімер Канаплёў.

У дзевяці выбарчых акругах Магілёўшчыны за дэпутацкі мандат змагаліся дэмакратычныя кандыдаты, вылучэнцы апазыцыйных палітычных партыяў. Некаторыя зь іх узялі другое месца ў колькасьці галасоў, аднак ніводнай акрузе не спатрэбіцца другі тур. Паводле афіцыйных зьвестак, перамаглі кандыдаты ад улады.

Некаторыя з дэмакратаў аспрэчваюць вынікі выбараў. Сярод іх — сябра сацыял-дэмакратычнай грамады, юрыст Свабоднага прафсаюзу Сяргей Фамін, які балятаваўся ў Магілёўскай Кастрычніцкай акрузе. Ён гаворыць, што хоча ведаць сапраўдныя вынікі выбараў:

(Фамін: ) “Назіральнікаў да стала не падпускалі. Рэальна ўбачыць ня мог ніводны назіральнік вынікаў выбараў. З нашых папярэдніх сацыялягічных апытаньняў відаць, што вынікі сфальсыфікаваныя”.

Сёньня накіравалі скаргі ў Цэнтарвыбаркам наконт вынікаў выбараў яшчэ два кандыдаты ад АГП — Кірыл Шарапкін з Быхаўскай акругі і Ганна Гатавец з Бабруйскай-Першамайскай, астатнія вылучэнцы апазыцыных партыяў яшчэ мяркуюць, а ці ёсьць увогуле сэнс аспрэчваць вынікі выбараў.
XS
SM
MD
LG