Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 18 кастрычніка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 18 кастрычніка.

“Могилевские губернские ведомости”, 1914 год. “Закон аб вінаградным віне”:

“Вінаваты ў вырабе для продажу, зьберажэньні ў гандлёвым ці прамысловым памяшканьні альбо продажы вінаградных він, разбаўленых вадой, звыш атабараньня такіх він, падлягаюць: упершыню — грашовай кары ад пяцідзесяці да дзьвюхсот рублёў і арышту ня больш за адзін месяц, — а на другі і наступныя разы — той жа грашовай кары і арышту на тэрмін да трох месяцаў”.

“Знамя юности”, 1974 год:

“З вялікай цікавасьцю і хваляваньнем мы, навучэнцы Мастоўскай музычнай школы, чытаем пра гераічную працу камсамольцаў на ўдарнай будоўлі стагодзьдзя — Байкальска-Амурскай магістралі. А чаму мы, піянэры і камсамольцы, ня можам працаваць па-карчагінску, так, як працуюць будаўнікі БАМу, тут, у сваім раёне? — задалі мы сабе пытаньне. На агульным сходзе было вырашана выехаць усёй школай на ўборку бульбы… На заробленыя грошы мы набылі баян, нотную бібліятэку і выслалі на адрас ЦК ВЛКСМ для перадачы камсамольцам БАМу”.

“Добры вечар”, 1994 год:

“Хутка першыя жыхары з’явяцца ў пасёлку з катэджаў, пабудаваных рабочымі і служачымі аўтамабільнага, трактарнага і маторнага заводаў побач з Калодзішчамі. І адразу ўзнікла кола пытанняў — хто будзе прапісваць грамадзян, па якім адрасе… Так, напрыклад, вуліца, якая вядзе ў бок Волмы, будзе звацца Валмянскі шлях… На Вежавай пабудавана воданапорная вежа. Назвы былых вёсак Глебаўкі, Ліпавай Калоды, Рап’ёўскай захаваюцца ў назвах вуліц… Цікавая гісторыя вуліцы Міхайлаўскі кут. Самі жыхары прапанавалі так, у назве вуліцы ўвекавечыць памяць першага будаўніка пасёлка — Міхаіла Станкевіча”.
XS
SM
MD
LG