Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагаласаваць за некага яшчэ можна было і бяз пашпарту


Іна Студзінская, Менск Некаторыя выбарцы, наведваючы ўчасткі пад вечар, са зьдзіўленьнем даведваліся, што за іх ужо нехта прагаласаваў – у лісьце са сьпісамі стаяў чужы подпіс, што бюлетэні атрыманыя. Без праблем можна было прагаласаваць аднаму за ўсю сям’ю, спаслаўшыся на дождж і дрэннае надвор’е.

Прыйшоўшы выканаць грамадзянскі абавязак на свой выбарчы ўчастак №582 109-й Уручскай выбарчай акругі Менску, я ўбачыла насупраць свайго прозьвішча ў сьпісе выбарцаў чужы подпіс – літару “С” і нейкую загагуліну. Я паказала свой подпіс у пашпарце, які, натуральна, ня быў падобны да гэтай закавыкі. Пасьля кароткіх спрэчак мне дазволілі перакрэсьліць гэты несапраўдны подпіс, расьпісацца, і далі два бюлетэні.

Зь бюлетэнямі я накіравалася спачатку да назіральніцы. Дастала магнітафон, які заўсёды нашу з сабой у сумачцы (ён даволі кампактны) і пачала запіс. Да мяне падскочыла жанчына з камісіі й пачала перашкаджаць, эмацыйна абвінавачваючы мяне ў тым, што нібыта “на ўчастак я прыйшла падрыхтаваная, з дыктафонам, і так рабіць непрыгожа”.

(Голас: ) “Янюк Юлія, назіральнік ад партыі БНФ “Адраджэньне”. Мне не даюць інфармацыі пра тое, які працэнт выбаршчыкаў прагаласаваў датэрмінова, колькі павінна прагаласаваць, аб тым, колькі прагаласавала. Калі я падышла да старшыні выбарчай камісіі, ён сказаў, што сюды падыходзіць нельга, гэта будзе правапарушэньнем, таму што я перашкаджаю працы выбарчай камісіі”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці былі тут міжнародныя назіральнікі?”

(Янюк: ) “Нікога не было зь міжнародных назіральнікаў, павінен быць яшчэ адзін назіральнік, але яго таксама няма”.

Далей мне запісаць не далі. Чальцы камісіі загаманілі, што на самім участку нельга запісваць, падышоў участковы. Зноў пачаліся абвінавачваньні, што раз я з дыктафонам, то прыйшла падрыхтаваная. Дарэчы, я не афішавала, што журналістка, і зусім не зьбіралася са свайго ўчастка рабіць рэпартаж аб парушэньнях.

А мой сусед паведаміў, што а 9-й раніцы ён прагаласаваў за жонку. Патлумачыў, што дождж ідзе, і яму далі чатыры бюлетэні – два на рэфэрэндум і два на выбары. І пашпарту ніхто не запытаў.
XS
SM
MD
LG