Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зноў нагадаў пра сваё існаваньне няўлоўны Мірон


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

“Курьер из Борисова” апавядае пра тое, як некаторыя жыхары Барысава вырашылі жыльлёва-камунальныя праблемы напярэдадні рэфэрэндуму – толькі таму, што прыгразілі не пайсьці галасаваць. Жыхары дамоў на бульвары Камарова былі абураныя тым, што ў іхных хатах перад самым ацяпляльным сэзонам зьнікла гарачая вада, а ля дамоў былі непрыбраныя атрыбуты нядаўняга рамонту цеплатрасы: іржавыя трубы, яміны, пясок. Людзі патэлефанавалі на выбарчы ўчастак, калі пачалося датэрміновае галасаваньне. Вельмі хутка пасьля гэтага тэлефанаваньня ў дамох па бульвары Камарова пайшла гарачая вада.

У мястэчку Драгічын, піша “Газета для вас”, напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму ўсе непрывабныя гарадзкія пэйзажы прыкрылі вялікімі плякатамі “За моцную й квітнеючую Беларусь!”. За гэткімі шырмамі схаваліся недагледжаныя гарадзкія могілкі й шэраг доўгабудаў, якімі мясцовыя ўлады займацца ня хочуць.

Да іншых тэмаў, якія закранаюцца ў сьвежых беларускіх газэтах.

Урад разглядае канцэпцыю энэргетычнай бясьпекі да 2020 году, паведамляе “Белорусский рынок”. Распрацоўнікі праекту гэтага дакумэнта зрабілі спробу зьнізіць залежнасьць краіны ад імпартаваных энэргарэсурсаў шляхам нарошчваньня выкарыстаньня мясцовага й альтэрнатыўнага паліва. Пакуль Беларусь здольная забясьпечыць сябе ўласнымі рэсурсамі толькі на 15-16 адсоткаў, але трэба павялічыць іхнае выкарыстаньне да 25 адсоткаў. Плянуецца таксама скараціць выкарыстаньне газу – аднак пакуль беларускі ўрад вядзе перамовы з “Газпромам” наконт таго, каб ў 2005 годзе атрымліваць блакітнага паліва болей, чым сёлета.

А ў Віцебску зноў нагадаў пра сваё існаваньне невядомы й няўлоўны Мірон, паведамляе “Віцебскі кур’ер”. Ён зьдзейсьніў небясьпечны для жыцьця ўчынак: усталяваў на апоры лініі электраперадач напругай у 35 тысяч вольт велізарны бела-чырвона-белы сьцяг. Да дзяржальны сьцяга была прымацаваная цыдулка: “Байкот – гэта выратаваньне гонару нашай радзімы”. І подпіс: “Мірон”. Сьцяг спэцыялісты віцебскіх электрасетак зьнялі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG