Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Назіральнікі зафіксавалі шматлікія выпадкі фальсыфікацыі выбараў на Магілёўшчыне


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Якія папярэднія вынікі выбараў у парлямэнт у Магілёўскай вобласьці? У 9 з 13-ці выбарчых акругаў у Магілёўскай вобласьці змагаліся за мандаты апазыцыянэры. І, паводле папярэдняй інфармацыі пра галасаваньне, ва ўсіх акругах больш за ўсё галасоў маюць кандыдаты ад улады.

Аднак зноў падкрэсьлю, што гэта неафіцыйныя дадзеныя. Толькі ў адной акрузе Бабруйскай Першамайскай яшчэ не зразумела, ці будзе другі тур з удзелам вылучэнкі АГП Ганны Гатавец.

У Шклоўскай выбарчай акрузе напэўна перамог Уладзімір Канаплёў. Ягоны асноўны сапернік кандыдат ад БНФ Рыгор Кастусёў распавёў, што ў некалькі акругах вынікі галасаваньня наступныя: 1 голас яму, па 1 голасу яшчэ двум кандыдатам і ўсё астатняе – у падтрымку Канаплёва. Вось камэнтар Кастусёва:

(Кастусёў: ) “Камэнтар такі, што фальсыфікацыя “чыстай вады”. У мінулыя выбары на ўчастку ў шпіталі ў абласны савет было недзе 50 на 50, хоць таксама ўсё рабілі. А гэтым разам ужо вырашылі аддаць усе галасы Канаплёву. Ужо ні ў якія рамкі ня лезе”.

У Клічаўскай акрузе лідыруе Вадзім Папоў. Яго суперніца, вылучэнка Народнай грамады Людміла Гушча, атрымае, паводле самых папярэдніх дадзеных, каля 20 адсоткаў – і яна сама лічыць гэта перамогай. Паводле яе, улады рабілі выгляд, што ёсьць толькі адзін кандыдат, а пра Людмілу Гушчу ў раёнцы напісалі адзін радок пра рэгістрацыю ў якасьці кандыдата, і больш ні слова.

Незалежны кандыдат Алесь Чыгір у Бабруйскай сельскай акрузе нават перамог на некалькіх участках, аднак лідэрам стаў памочнік прэзыдэнта, які, падлічыла каманда Чыгіра, выйграў папярэдняе галасаваньне.

У Бабруйскай Ленінскай акрузе было 5 кандыдатаў, аднак першай стала кандыдатка ад улады, на другім месцы – Міхаіл Кавалькоў, вылучэнец БСДГ. Як і ўсе дэмакратычныя кандыдаты, Кавалькоў сумняваецца ў выніках выбараў.

(Кавалькоў: ) “Тое, што ўкіды былі, так мы і ацэньваем, І вялікія ўкіды. Да таго, што ў 20 пачынаецца падлік галасоў, а ў 20.45 тэлефануе назіральнік, што няма пераноснай скрыні, яна ў дырэктара, і што зь ёй там робяць, невядома”.

Самы вялікі скандал у Магілёўскай вобласьці здарыўся ў Быхаве ўвечары 16 кастрычніка, калі міліцыя затрымала замежнікаў – маладых людзей зь Літвы, Латвіі і Даніі, якія праводзілі апытаньне выбаршчыкаў пасьля галасаваньня. У выніку аднаго літоўца дэпартавалі.

А вось 17 кастрычніка ў Быхаўскай акрузе было ўсё спакойна і прыстойна. Уладзімір Шанцаў, кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ад АГП Кірыла Шарапкіна, сказаў, што назіральнікам не было чаго рабіць з адной прычыны – у Быхаўскай акрузе датэрмінова прагаласавала больш за палову выбаршчыкаў. Не было нават попыту на харчы са зьніжкамі, якія прапаноўвалі буфэты на выбарчых участках.

Складаная сытуацыя з назіраньнем была ў Горацкай выбарчай акрузе. Там у дзень выбараў участковыя камісіі скасавалі рэгістрацыю амаль усіх назіральнікаў, якіх вылучылі выбаршчыкі ў падтрымку незалежнага кандыдата Андрэя Юркова. Кіраўнік яго штабу Эдуард Брокараў лічыць, што ўлады імкнуліся да таго, каб істотна скараціць незалежнае назіраньне, і таму не акцэнтавалі ўвагу на новай інструкцыі, якая прадпісвае, што назіральнік павінен жыць на тэрыторыі выбарчага ўчастку. Затое ўзгадалі пра гэта ў дзень выбараў і папрасілі назіральнікаў сысьці.

А з Бабруйскай Ленінскай акругі актывіст штабу кандыдата Міхаіла Кавалькова Сяргей Адамовіч паведаміў, што ўчора пры канцы дня на выбарчыя ўчасткі перасталі пушчаць нават давераных асобаў дэмакратычных кандыдатаў. Яго асабіста выправадзілі з дапамогай міліцыі. Затое на адным з участкаў разам з выбарчым працэсам праводзіўся абмен валюты, продаж аўдыя- й відэакасэтаў, працаваў платны ксэракс і прадавалася касмэтыка. Сяргей Адамовіч падазрае, што на выбарчых участках укідваліся дадатковыя бюлетэні. Вось адзін з яго аргумэнтаў:

(Адамовіч: ) “Парушэньняў вельмі шмат. Вось вайсковая частка добраахвотна-прымусова прагаласавала датэрмінова, хаця не было ніякай вайны, не было манэўраў. І 100% датэрміновае галасаваньне, і за кандыдата ад улады амаль 100% прагаласавала салдатаў. Таму тут відавочна нейкія фальсыфікацыі”.

Самыя распаўсюджаныя скаргі – на тое, што назіральнікі ня бачылі кабінаў і скрыняў для галасаваньня, што камісія запячатала скрыню без удзелу назіральнікаў і давераных асобаў, што давалі некалькі бюлетэняў у адны рукі, што знаходзілі ў сьпісах “мёртвыя душы”, а ў Бабруйскай сельскай акрузе быў выпадак, калі чалавек прыйшоў на ўчастак і даведаўся, што за яго ўжо прагаласавалі. Такія парушэньні фіксавалі назіральнікі.
XS
SM
MD
LG