Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва “Партнэрства”: мэтады фальсыфікацыі галасаваньня ў Беларусі з кожным разам удасканальваюцца


Альгерд Невяроўскі, Менск Паводле папярэдніх зьвестак незалежнага назіраньня грамадзкай ініцыятывы “Партнэрства”, ніводны кандыдат ад дэмакратычнай апазыцыі не здабыў дэпутацкі мандат. Было зафіксавана шмат парушэньняў падчас падліку галасоў. На многіх участках не вывешваўся выніковы пратакол, а на некаторых падлік галасоў праводзіўся не ў памяшканьні выбарчай камісіі. Каардынатар “Партнэрства” Мікалай Астрэйка гаворыць, што мэтады фальсыфікацыяў выбараў у Беларусі ўдасканальваюцца.

Паводле назіральнікаў “Партнэрства”, удзел у галасаваньні на выбарах і рэфэрэндуме брала прыкладна 75-76% беларускіх выбарцаў, а не амаль 90%, як сьцьвярджае старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. 3.500 тысячаў назіральнікаў гэтай грамадзкай ініцыятывы сачылі за хадой галасаваньня ва ўсіх 110 акругах Беларусі на кожным чацьвёртым участку.

Каардынатар ініцыятывы Мікалай Астрэйка гаворыць, што, паводле іх зьвестак, з дэмакратычных кандыдатаў у 2 тур выбараў выйшлі Алесь Карніенка з Гомелю, Алесь Зарамбюк з Гарадзеншчыны, Галіна Дрэбезава з Берасьцейшчыны і Тацяна Ваніна зь Дзяржынску. Пра парушэньні, якія заўважылі незалежныя назіральнікі распавядае Мікалай Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Што тычыцца парушэньняў, то іх велізарная колькасьць – парушэньні, дапушчаныя пры падліку галасоў. Больш чым на 100 выбарчых участках, дзе знаходзіліся нашыя назіральнікі, сам пратакол ня быў вывешаны. Яго забіраюць з сабой сябры выбарчай камісіі і не прадстаўляць, парушаючы гэтым выбарчае заканадаўства. Таксама на некалькіх дзесятках выбарчых участкаў падлік не праводзіўся ў памяшканьні для галасаваньня. Урны забіраліся, камісія зачынялася ў другім памяшканьні, і туды не дапускаўся ніхто – там праводзіўся падлік галасоў”.

У Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе старшыня камісіі адразу пасьля заканчэньня галасаваньня зьвёз скрыню зь бюлетэнямі ў невядомым напрамку. На многіх выбарчых участках некаторыя выбарцы не знаходзілі сябе ў сьпісе для галасаваньня. Паводле Мікалая Астрэйкі, да назіраньня за галасаваньнем не былі дапушчаныя па розных прычынах каля 80 чалавек, а да працэдуры падліку галасоў – каля 400. Назіраньне ж астатніх каля 3000 назіральнікаў было ня вельмі эфэктыўным. Мікалай Астрэйка працягвае:

(Астрэйка: ) “Там, дзе назіральнікі засталіся – амаль 3000 чалавек, якія назіралі за падлікам галасоў – у пераважнай большасьці тых справаздачаў, што мы зараз атрымалі, яны назіралі, але нічога ня бачылі. Чаму? Таму што памяшканьні вялікія, назіральнікаў ставяць за 10-15 мэтраў ад стала, дзе праводзіцца падлік галасоў, паміж камісіяй і назіральнікамі стаіць міліцыянт, і тых, хто спрабуе перайсьці нябачную лінію, яны выдаляюць як людзей, якія перашкаджаюць працы камісіі”.

Каардынатар “Партнэрства” адзначае, што мэтады фальсыфікацыяў, якія ўжывае ўлада, з кожным разам удасканальваюцца. Назіральнікі зьбіраюцца абскарджваць вынікі галасаваньня ў пракуратуры і ў судах. Канчатковыя вынікі свайго назіраньня “Партнэрства” падвядзе сёньня ўдзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG