Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск: “Настолькі цынічная падтасоўка, што нават не палічылі патрэбным “намаляваць” хаця б больш-менш праўдападобныя пратаколы”


Уладзімер Глод, Менск Якімі будуць вынікі выбараў у сталіцы? Сытуацыя не прадракае нічога добрага для дэмакратычных сілаў.

У Менску 18 выбарчых акругаў. За некалькі дзён да выбараў зьявілася прыгожая каляровая ўлётка з агульным назовам “Заява 17-ці”. На ёй 17 кандыдатаў у дэпутаты, па адным у кожнай акрузе, зьвяртаюцца да жыхароў сталіцы і сьцьвярджаюць, што зь імем Аляксандра Лукашэнкі большасьць грамадзянаў зьвязвае надзеі на лепшую будучыню краіны. Гэтая ўлётка стала, так бы мовіць, калектыўным партрэтам кандыдатаў ад улады.

Было многа спрэчак на тэму, колькі чалавек з гэтых 17-ці стануць дэпутатамі – 5, 10? Але, паводле папярэдніх дадзеных, рэчаіснасьць пераўзыйшла ўсе разьлікі – дэпутацкія мандаты атрымаюць усе 17. Гэта – дзейныя дэпутаты Палаты Анатоль Красуцкі, Віктар Марахін, Галіна Мазуркевіч, Сяргей Кісялёў ды іншыя. Сярод іншых – лекар-афганец Уладзімер Шокаў, выкладчыкі Ігар Карпенка, Галіна Палянская...

Чаму так атрымалася? Я папрасіў адказаць на гэтае пытаньне аднаго з удзельнікаў выбарчага працэсу Сяргея Альфэра.

(Альфэр: ) “Гаварыць пра вынікі абсалютна немэтазгодна, таму што абсалютна, абсалютна ўсё “намалявана”. Узровень “беспредела”, таго, што тварылася – такога ў жыцьці я яшчэ не бачыў, пачынаючы ад адносінаў да назіральнікаў і канчаючы тым, як улады рыхтаваліся да выбараў. Раней хоць пратаколы вывешвалі, а цяпер і гэта перасталі рабіць, і едуць у адміністрацыю з усімі паперамі, каб там разьбірацца, колькі, дзе і як”.

І ўсё ж цяжка паверыць, што ў сталіцы, дзе заўжды моцны апазыцыйны настрой, усе раптам “дружна” прагаласавалі за кандыдатаў ад улады. Адкуль такія дзіўныя лічбы?

Усе здагадваюцца, у чым тут справа. Без велізарнай фальсыфікацыі тут не абышлося. І ўлады рабілі гэта рукамі тых, каму яны давяраюць. Вось красамоўны прыклад: літаральна ў самы апаошні момант з выбарчай гонкі ў Менску зьнялі сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Івана Анташкевіча. Але што цікава: падчас яго зьняцьця чатыры сябры акруговай выбарчай камісіі прагаласавалі супраць гэтага рашэньня. Пра тое, што зь імі адбылося пасьля гэтага, распавядае Сяргей Альфэр.

(Альфэр: ) “Дык вось гэтых чатырох чалавек адхілілі ад справаў, яны сядзелі й ня ведалі, што рабіць. А ўсе астатнія сябры камісіі бегалі, нешта там атрымоўвалі, нешта пісалі. А той, хто “няправільна” прагаласаваў, цяпер будзе падымаць рукі толькі падчас падвядзеньня вынікаў. Хаця перамагчы на гэтым рэфэрэндуме Лукашэнка ня мог ніякім чынам. І перамагчы на выбарах ня мог. Амаль усе нашы кандыдаты альбо перамагалі ў першым туры, альбо выходзілі ў другі зь першым ці другім месцам”.

Няўжо ў лідэраў апазыцыі не было ніякіх шанцаў, калі не перамагчы, то хаця б, як кажуць, зачапіцца за другі тур? Падобна, што не. Як, сапраўды, можна разьлічваць на нешта станоўчае, калі памеры фальсыфікацыі, калі верыць назіральнікам, былі проста неверагодныя. Вось што расказала мне Галіна Юрына, якая адсочвала хаду выбараў у 102-й Сухараўскай акрузе, дзе балятаваўся Анатоль Лябедзька.

(Юрына: ) “Там была настолькі цынічная падтасоўка, што нават не палічылі патрэбным “намаляваць” хаця б больш-менш праўдападобныя пратаколы. Людзі бачылі на ўласныя вочы, як раскладаліся стосы бюлэтэняў, а пасьля называліся лічбы абсалютна “левыя”. Выносілі бюлэтэні ў іншы пакой, лічылі. Такое тварылася!”

А што гавораць у сталіцы пра вынікі рэфэрэндуму? Кажуць, што й тут выводзілі тыя лічбы, якія патрэбны ўладзе. Яскравы прыклад таго, што рабілася, прыводзіць кандыдат у дэпутаты Яўген Агурцоў:

(Агурцоў: ) “На адным з участкаў 104-й Масюкоўшчынскай акругі розьніца паміж галасамі “за” і “супраць” на рэфэрэндуме была толькі 30 галасоў, амаль аднолькава. Але там назіральнікі стаялі непасрэдна каля стала. Ім дазволілі. На іншых участках яны былі на адлегласьці 5-6 мэтраў ад стала”.
XS
SM
MD
LG