Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэднія вынікі выбараў на Берасьцейшчыне


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Адразу 10 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў мінулага скліканьня ад Берасьцейскай вобласьці вылучылі свае кандыдатуры на ўчорашніх выбарах. Ці здолелі гэтыя дэпутаты зноў трапіць у парлямэнт?

На Берасьцейшчыне дэпутатаў абіралі ў 16-ці акругах. Паводле папярэдніх дадзеных, захавалі свае дэпутацкія паўнамоцтвы Аляксандар Сьвірыд у Івацэвіцкай акрузе, дзе ў яго не было ніводнага канкурэнта, а таксама Ўладзімер Здановіч у Драгічыне, Юрый Андрэеў у Пінску, Мікалай Сергіенка ў Баранавічах, Аляксандар Зінчанка ў Белавежскай акрузе, Сьвятлана Гіль у Берасьці.

Вельмі цікавая сытуацыя назіраецца ў Кобрынскім раёне. Гледзячы па ўсім, Віктар Кучынскі, які ў чацьвёрты раз абіраецца ў дэпутаты парлямэнту ад гэтай акругі, ня здолеў атрымаць перамогу ў першым туры. Паведамленьні з выбарчых участкаў сьведчаць пра тое, што за спадара Кучынскага прагаласавала ў сярэднім каля 45% выбарцаў, і калі акруговая камісія зацьвердзіць гэтыя вынікі, супернікам Віктара Кучынскага ў дургім туры будзе мясцовы бізнэсовец Аляксандар Зазуля.

Папярэднія дадзеныя сьведчаць, што няма пакуль неабходнай колькасьці галасоў ані ў дэпутаткі мінулага скліканьня ад Берасьця Валянціны Качан: лічба пададзеных за яе галасоў вагаецца каля 48%, аднак на шасьці ўчастках выбарчая камісія адмовілася ўчора позна ўвечары паведаміць вынікі галасаваньня і адразу накіравалася ў акруговую камісію. У гэтай акрузе на другім месцы пакуль знаходзіцца сябра БСДП Народная Грамада Валянцін Лазарэнкаў.

Ня выключаны другі тур і ў Пінскай вясковай акрузе, дзе цяперашні фаварыт мясцовай улады, былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Двараніновіч ня здолеў упэўнена перамагчы і, хутчэй за ўсё, будзе змагацца ў другім туры з дэпутатам мінулага скліканьня Іванам Кібаком.

Пакуль няма дакладных зьвестак пра сытуацыю ў Столінскім раёне, дзе было два кандыдаты – вядомы дэпутат Іван Пашкевіч і старшыня аднаго зь мясцовых калгасаў Рыгор Дзямко. Калі акруговая камісія не прызнае перамогу кагосьці з гэтых кандыдатаў, тут будзе патрэбна правесьці новыя выбары.

Што да новых асобаў у Палаце прадстаўнікоў, дык з большай верагоднасьцю можна казаць пра перамогу на гэтых выбарах у Берасьцейскай вобласьці лекараў, якія карысталіся падтрымкай уладаў – а менавіта Ніны Федарук у Мухавецкай акрузе, Ларысы Вершаловіч у Лунінцы і берасьцейца Алега Вялічкі, а таксама вайскоўца Анатоля Ваньковіча ў Баранавічах, дырэктара “Брэстаўтадора” Уладзімера Майсюка й кіраўніка Бярозаўскага межрайгазу Яўгена Казімірчыка.
XS
SM
MD
LG