Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца місіі АБСЭ: “Варта прагледзець, як праходзіла перадвыбарчая кампанія, самі выбары, і толькі потым рабіць нейкія афіцыйныя камэнтары”


Алесь Дашчынскі, Менск 18 кастрычніка місія Бюро па дэмакратычных інстытутах АБСЭ рэпрэзэнтуе папярэднюю справаздачу па выбарчай кампаніі ў Беларусі. Тым часам іншыя замежныя назіральнікі ўжо выказваюцца адносна цяперашняй палітычнай кампаніі ў Беларусі.

Прэс-сакратар місіі АБСЭ Урдур Гунарсдотэр падкрэсьліла, што місія не вяла назіраньня за рэфэрэндумам, а толькі за парлямэнцкімі выбарамі.

(Гунарсдотэр: ) “Насамрэч, каб рабіць нейкія голасныя камэнтары адносна парлямэнцкіх выбараў варта разглядаць гэты працэс не па частках, а цалкам. Варта прагледзець, як праходзіла перадвыбарчая кампанія, самі выбары, і толькі потым рабіць нейкія афіцыйныя камэнтары дзеля іх максымальнай аб’ектыўнасьці”.

Паводле спадарыні Гунарсдотэр, місія АБСЭ мае пэўныя меркаваньні адносна датэрміновага галасаваньня і масавага зьняцьця дэмакратычных кандыдатаў з выбарчай гонкі, і сёньня яны будуць агучаныя. Чакаецца, што экспэрты АБСЭ выкажуць сваё стаўленьне адносна ўплыву рэфэрэндуму на парлямэнцкія выбары.

Назіральнікі місіі ўначы дасылалі ў менскі офіс місіі сваю інфармацыю, якая будзе агучаная пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў. На пытаньне, ці паступілі ў офіс місіі факты аб значных парушэньнях, Урдур Гунарсдотэр адказала:

(Гунарсдотэр: ) “Нават калі ёсьць такія факты, то мы лічым магчымым агучыць іх цягам сёньняшняга дня, бо цяжка сказаць, які менавіта нэгатыўны ўплыў яны могуць аказваць. Справа ў тым, што тыя факты, якія цяпер могуць падавацца сур’ёзнымі, зусім іначай могуць выглядаць пры аналізе ўсёй карціны выбараў і наадварот. Таму вельмі важна глядзець на працэс цалкам і рабіць нейкія высновы”.

Паводле спадарыні Гунарсдотэр, адна з самых істотных мэтаў місіі АБСЭ – уласна прысутнічаць пры падліку галасоў. А на які час застанецца місія назіральнікаў АБСЭ ў Беларусі пасьля 17-га кастрычніка?

(Гунарсдотэр: ) “На гэтае пытаньне цяжка адказаць, таму што задача нашай місіі ня толькі ў тым, каб прааналізаваць выбарчую кампанію, але яшчэ й паглядзець, як разьбіраюцца магчымыя скаргі, якія паступяць ці не паступяць на працэс галасаваньня і выбараў. Наш час знаходжаньня ў Менску будзе залежаць ад канкрэтных вынікаў, дзеяньняў, падзей сёньняшняга дня”.

Назіральнік АБСЭ з Аўстрыі Марцін Росман у размове па тэлефоне адзначыў, што не хацеў бы рабіць цяпер нейкія ўласныя камэнтары, бо выснова місіі будзе кансалідаванай.

Назіральнік з Польшчы сэнатар Зьбігнеў Рамашэўскі (Інстытут дэмакратыі Ўсходняй Эўропы) апасаецца, што некаторыя міжнародныя арганізацыі слаба арыентуюцца ў беларускай сытуацыі. Ён адзначыў, што АБСЭ скампрамэтавала сябе на выбарах у Азэрбайджане, але ў Грузіі ўжо было лепш. Спадар Рамашэўскі так ацаніў выбары ў Беларусі:

(Рамашэўскі: ) “Гэта наогул не адпавядала ніякім умовам дэмакратычных выбараў. Я думаю, што Эўропа крыху працьверазее, і рашэньні, якія яна прыме, будуць для Лукашэнкі вельмі непрыемнымі”.

Дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Крысьціян Штрогал на сустрэчы з назіральнікамі ад СНД адкінуў абвінавачаньні ў неаб’ектыўнасьці, што паступілі на адрас яго місіі з боку дзяржаўных СМІ і афіцыйных асобаў.

“Наша мэтодыка грунтуецца на досьведзе правядзеньня больш чым 100 місіяў па назіраньні за выбарамі і зьяўляецца адкрытай і празрыстай”, зазначыў спадар Штрогал.
XS
SM
MD
LG