Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “ Пэрыяд усялякай выбарчай барацьбы з рэжымам скончыўся канчаткова. Прэзыдэнцкія выбары 2006 году будуць копіяй учорашняга рэфэрэндуму”.


Сяргей Навумчык, Прага Вынікі выбараў і рэфэрэндуму камэнтуе Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, які зараз знаходзіцца ў Нью-Ёрку.

(Пазьняк: ) “Ведаеце, у мяне такое ўражаньне, што я прысутнічаю пры нейкім абсурдзе. Пры чым тут выбары? Пры чым тут кандыдаты? Якое гэта мае значэньне? Нават калі б яны ўсе прайшлі ў гэты “парлямэнт”. Справа ідзе ў Беларусі аб захаваньні ўлады Лукашэнкі, вось у чым сутнасьць гэтай палітычнай кампаніі. Калі ён ня зможа захаваць уладу палітычнымі мэтадамі – праз выбары і рэфэрэндум – дык трэба выводзіць танкі. І таму ён пойдзе напралом, каб захаваць гэтую ўладу праз рэфэрэндум. Яму ня трэба ні закон, ні міжнароднае прызнаньне, ні міжнародныя назіральнікі – яму трэба ўлада, “власть”. Вось у чым сутнасьць пытаньня! А выбары яму толькі патрэбны для таго, каб людзі пайшлі на галасаваньне.

Такім чынам, перад 17 кастрычніка ў Беларусі зьявіўся ўнікальны шанец спыніць дыктатуру, і цяпер гэты шанец страчаны. Учора адбылося тое, што і павінна было адбыцца, калі грамадзтва адмовілася ад байкоту. Вынік: Лукашэнка захаваў уладу. І вінаватая ў гэтым, перш за ўсё, беларуская грамадзкая эліта, якая прадэманстравала сваю палітычную нясьпеласьць і, галоўнае, нежаданьне і няздольнасьць змагацца. Тое, чым займаліся так званыя апазыцыйныя партыі – гэта “мартышкин труд”. Сьмешны, непатрэбны і шкодны ў гэтым становішчы. На Беларусі, паўтаруся, паўстала пытаньне аб захаваньні ўлады Лукашэнкі, і зрабіць яму гэта безь вялікіх фальсыфікацыяў, вялікага прымусу было немагчыма. Таму адразу было зразумела, якімі мэтадамі ўсё гэта будзе рабіцца. І вось цяпер гэта адбылося.

Дарэчы, перакуліць усю лукашэнкаўскую афёру можна было яшчэ за два тыдні да рэфэрэндуму. Я паслаў нават плян дзеяньняў для публікацыі ў “Народную волю”. Ён быў прыняты Соймам Беларускага Народнага Фронту, даведзены да кожнага кандыдата ў дэпутаты, высланы ў АБСЭ і ў Эўразьвяз. Але ня з гэтымі людзьмі можна размаўляць пра лёс Беларусі. Усё было змарнавана!

Што цяпер? Першае. Трэба хутка сабраць усе факты парушэньняў закону і прадставіць у міжнародныя арганізацыі, што назіралі за галасаваньнем. Важна, каб міжнародная супольнасьць не прызнала рэфэрэндум. Другое. Не дапусьціць міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Трэба прапанаваць плян ізаляцыі рэжыму, але ня нашай краіны. І трэцяе. Беларускаму грамадзтву цяпер трэба зразумець, што пэрыяд усялякай выбарчай, мажарытарнай барацьбы з рэжымам – скончыўся канчаткова. Прэзыдэнцкія выбары 2006 году будуць копіяй учорашняга рэфэрэндуму.

Зараз неабходная ўсеагульная барацьба з рэжымам на іншым узроўні, разьлічаная на працяглы час. Перш за ўсё, неабходныя нацыянальна-культурная і нацыянальна-палітычная асьвета грамадзтва. І ёсьць людзі, якія могуць гэта рабіць”.

(Навумчык: ) “Вы ў 1994 годзе выступілі супраць увядзеньня прэзыдэнцтва, папярэдзіўшы, што яно прывядзе да дыктатуры. Вы й сёньня настойваеце на тым, што прэзыдэнцтва не пасуе Беларусі?”

(Пазьняк: ) “Ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюзу, там, дзе былі прэзыдэнты, там утварыліся рэжымы. Адны – больш мяккія, другія – больш жорсткія, але паўсюдна. Няма ніводнага выключэньня. Грамадзтва постсавецкае яшчэ не сасьпела да дэмакратыі з прэзыдэнтам. І таму трэба было ісьці да гэтага паступова. Ну, а калі здарылася тое, што здарылася... Зараз сытуацыя памянялася кардынальна. Таму што тады, у 1994 годзе, яшчэ не было эканамічнай і фінансавай сілы мафіі. Цяпер гэтая сіла ўмацавалася ва ўсіх краінах постсавецкіх. І калі цяпер, у гэтай сытуацыі, пусьціць справу на самацёк, на парлямэнцкую рэспубліку, пры такім нясьпелым грамадзтве, дык Беларусь – расьцягнуць. Проста расьцягнуць маёмасьць па частках. Так што гэты рэжым стварыў умовы значна больш цяжкія, чым яны былі перад 1994 годам”.

(Навумчык: ) “І апошняе пытаньне. Вы сказалі, што выбары 2006 году будуць дакладнай копіяй цяперашняй кампаніі. Ці зьбіраецеся Вы асабіста балятавацца на будучых прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Пазьняк: ) “Я зараз не магу гэта сказаць. Я заявіў аб сваім балятаваньні, гэта заяўлена было і партыяй, і гэта ўсё застаецца. Але сытуацыя, якая ўтварылася цяпер, вымагае яшчэ адпаведнага вывучэньня”.
XS
SM
MD
LG