Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як міліцыя рыхтуецца да 18 кастрычніка?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ці скончыцца сёньня ўзмоцнены рэжым працы міліцыі, які быў уведзены з пачаткам датэрміновага галасаваньня ? На гэтае пытаньне па-рознаму адказваюць у міністэрстве ўнутраных справаў і незалежныя крыніцы, якія маюць сувязі ў сілавых структурах.

З 12 кастрычніка, калі пачалося датэрміновае галасаваньне, міліцыю перавялі на ўзмоцнены рэжым працы. У загадзе пазначалася – “на пэрыяд выбараў”. Між тым, паводле незалежных крыніцаў, гэты рэжым сёньня ня будзе адменены, а некаторыя дасьведчаныя людзі прагназуюць нават павелічэньне колькасьці сілавікоў, якіх паставяць на дзяжурства.

У прыватнасьці, паводле зьвестак, якія атрымаў былы супрацоўнік КГБ Сяргей Аніська, у Менск будуць сьцягнутыя дадатковыя сілы міліцыі з кожнай вобласьці:

(Аніська: ) “Яны вельмі баяцца масавых акцыяў пратэсту 18 і 19 чысла. Таму зараз у Менск прыедуць для ўзмацненьня цэлыя каманды з кожнай вобласьці. Згадваю, як выганялі дэпутатаў галадуючых, дык тады была разнарадка па 150 чалавек з вобласьці прыслаць. 5 абласьцей, такім чынам каля тысячы прыедзе”.

Таксама Сяргей Аніська не выключае, што ў выпадку масавых акцыяў пратэсту вынікамі рэфэрэндуму і выбараў улады абвесьцяць надзвычайнае становішча.

А вось што сказалі адносна працягу ўзмоцненага рэжыму працы беларускай міліцыі ў міністэрстве ўнутраных справаў. Прэсавы сакратар міністра Генадзь Клепча патлумачыў:

(Клепча : ) “Пакуль бюлетэні не накіруюць туды, куды іх трэба накіраваць, людзі будуць ахоўваць ўчасткі. Як толькі выбарчыя ўчасткі спыняць сваю працу, ахоўнікі зь іх будуць зьнятыя”.

Паводле Генадзя Клепчы, увогуле не было вялікай патрэбы ўжываць надзвычайныя захады, бо датэрміновыя выбары праходзілі спакойна. Прадстаўнік міністэрства падкрэсьліў, што на ўзмоцнены рэжым працы ў гэты пэрыяд перайшла не ўся рэспубліканская міліцыя, а толькі ахоўнікі на выбарчых участках і супрацоўнікі ўправы міліцыі грамадзкага парадку.

Пры гэтым Генадзь Клепча прызнаў, што загад перайсьці на ўзмацненьне з 12-га красавіка не мае тэрміну заканчэньня. На маё пытаньне, як міліцыя паставіцца да грамадзянаў, якія на заклік апазыцыі зьбяруцца ўвечары 18-га на Кастрычніцкай плошчы Менска, прэсавы сакратар адказаў.

(Клепча: ) “Калі гэтае мерапрыемства не дазволенае, то яно не адбудзецца”.

Нагадаю, у 2001 годзе апазыцыя таксама заклікала грамадзянаў прыйсьці ўвечары адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на Кастрычніцкую плошчу. Міліцыя ў той дзень не перашкаджала грамадзянам. На плошчы тады сабралося каля тысячы чалавек.
XS
SM
MD
LG