Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Страшэнна многа ўкідвалі, калі выяжджалі дахаты, нібыта да хворых. 27 заявак на паездку, прыяжджаюць — дзьве сотні бюлетэняў”


Сяргей Астраўцоў, Горадня На Гарадзеншчыне ўдзельнічалі ў выбарах тры сябры партыі БНФ, адзін —БСДГ, адзін — ад “Маладой Беларусі”, а таксама — ад партыі ПКБ і незалежныя кандыдаты.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч з Ваўкавыску (гэта 50-я акруга) сказаў мне, што не зьбіраецца сядзець да ночы, каб даведацца пра поўныя вынікі. Ён расчараваны: у раёне ў яго 10 адсоткаў галасоў, у горадзе — 30. Але ягоная каманда праводзіла папярэдняе рэйтынгавае апытаньне, паводле якога ён набіраў большасьць галасоў. А 12-й гадзіне ночы больш-менш поўныя вынікі меў па сваёй акрузе другі незалежны кандыдат — Аляксандар Мілінкевіч. Ягоная акруга — 62-я Шчучынская.

(Мілінкевіч: ) “У вёсках у нас 10-15 працэнтаў, у мястэчках — 15-25, ну і маем па Шчучыну 30-35. Ня маем яшчэ Воранава, Радуні. Я думаю, што ў сярэднім у нас атрымаецца 20-25 працэнтаў. Ну, татальная фальсыфікацыя на папярэднім, хаця й сёньня былі “ўкіды”. Двух нашых наглядальнікаў, у тым ліку майго сына, забралі ў воранаўскую міліцыю, і за гадзіну — было 55 працэнтаў якія прагаласавалі, стала — 85”.

Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што датэрмінова галасавалі 40-60 адсоткаў. Хаця ёсьць і меншыя лічбы, бо чым меншая вёска — тым большыя лічбы. І вось яшчэ што сказаў Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Страшэнна многа ўкідвалі, калі выяжджалі дахаты, нібыта да хворых. 27 заявак на паездку, прыяжджаюць — дзьве сотні бюлетэняў. Ёсьць блытаніна: 1040 выбаршчыкаў, а бюлетэняў 1400. Бюлетэняў на рэфэрэндум адна колькасьць, а на гэтае галасаваньне — іншая колькасьць”.

Ёсьць выпадкі, калі паводле папярэдніх падлікаў кандыдаты называюць і большыя лічбы галасоў, якія былі за іх аддадзеныя . Я зьвязаўся з Алесем Дзергачовым са Смаргоні, ён — сябра партыі БНФ (гэта 61-я Смаргонская акруга):

(Дзергачоў: ) “У Смаргоні на многіх участках я выйграў, а ўвогуле можа набраў працэнтаў 20”.

Спадар Дзергачоў мяркуе, што на некаторых участках у Смаргоні ў яго па 47-48 адсоткаў галасоў. А вось на вёсцы — значна менш. Паводле яго, Зінаіда Бандарэнка, магчыма, набрала 10 адсоткаў, а цяперашняя дэпутатка Палаты Голубева — 60. Жонка Алеся Любоў сказала пра вынікі галасаваньня па рэфэрэндуму:

(Дзергачова: ) “Лічбы вагаюцца ад 80 да 97 працэнтаў: 80 — гэта горад, 97 — гэта вёска. У Астраўцы 95 працэнтаў па раёне — за рэфэрэндум”.

У Мастоўскай 58-й акрузе ад “Пяцёркі +” два кандыдаты — прадстаўнік ПКБ і “Маладой Беларусі”, супраць іх – начальнік абласной міліцыі генэрал Белашэўскі. Акруга ўлучае Масты, Бераставіцу і Сьвіслач. Вось што сказаў Алесь Зарэмбюк, вылучэнец “Маладой Беларусі”:

(Зарэмбюк: ) “Па Мастах я маю 40 адсоткаў, мой апанэнт — 45. А ў Сьвіслачы й Бераставіцы ён нас разграміў. Але там ёсьць адзін участак, дзе 85 адсоткаў прагаласавалі датэрмінова, і ў Мастах таксама ўсё датэрміновае галасаваньне — там 3-5 бюлетэняў за мяне, а ўсе астатнія — поўныя скрыні набітыя бюлетэнямі за яго”.

Папярэдне вядома, што ніводзін з двух кандыдатаў у Гарадзенскай Цэнтральнай акрузе не набраў больш за палову галасоў. За сябру БСДГ Валянціна Аськірку — было аддадзена больш за 17 тысячаў галасоў, за ягоную канкурэнтку — на 7 тысячаў больш. У Гарадзенскай Занёманскай акрузе балятаваўся кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Мікола Воран – за яго падалі галасы 25-27 адсоткаў выбаршчыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG