Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі й Рагачове сябры выбарчых камісій чыняць перашкоды назіральнікам, выганяюць назіральнікаў


Казімер Яноўскі, Гомель У Сяльмашаўскай выбарчай акрузе на ўчастку №29, які месьціцца ў 57-й сярэдняй школе, выбарчая камісія пасадзіла назіральнікаў гэтак далёка ад сталоў, дзе выдаюць бюлетэні й галасуюць выбарцы, што тыя ня могуць сачыць за ходам галасаваньня.

Назіральніца Ірына Макавецкая з каманды кандыдата ў дэпутаты ад ПКБ Уладзімера Сякеркі стала ля сьцяны насупраць сталоў з чальцамі камісіі. Што з гэтага адбылося, распавядае сама спадарыня Макавецкая:

(Макавецкая: ) “Да мяне падышла сакратарка Тамара Кухарэнка і сказала: “Вам нельга тут стаяць, вы перашкаджаеце камісіі”. Пытаюся: чым? “Вы глядзіце на іх”. Быў выкліканы нарад міліцыі. Прыехаў намесьнік начальніка 2-га аддзяленьня міліцыі. Яны спрабавалі вывесьці мяне наогул з участку для галасаваньня”.

Пакуль камісія складала акт, міліцэйскі начальнік разабраўся, што да чаго і вырашыў, што патрабаваньні назіральніцы абгрунтаваныя. Старшыня камісіі Кастанцін Антоненка адмовіўся тлумачыць, чаму для назіральнікаў не стварылі адпаведных умоваў. Праўда, пасьля прыезду міліцыі крэслы для назіральнікаў былі перасунутыя бліжэй мэтры на два. Аднак гэта не зьмяніла ўмоваў назіраньня.

(Гоцманава: ) “Я нічога ня бачу. Ня бачу, колькі чалавек галасуе, колькі бюлетэняў даецца ў адны рукі, на адзін ці на два пашпарты. Я лічу, што можа быць фальшаваньне выбарчых бюлетэняў”, — сказала назіральніца ўчастку №29 Валянціна Гоцманава.

*** У Рагачоўскай выбарчай акрузе №47 камісіі выдаляюць з участкаў назіральнікаў Віктара Паўлава, канкурэнта кандыдата ў дэпутаты ад улады.

Дэпутат Рагачоўскага райсавету Руслан Сталяроў назіраў за рэфэрэндумам і выбарамі на ўчастку №5 у клюбе малочна-кансэрвавага камбінату. Яшчэ ўчора старшыня ўчастковай камісіі, ён жа кіраўнік прафкаму камбінату Анатоль Старавойтаў запатрабаваў, каб дэпутат пакінуў участак. На той падставе, што ён падыходзіў да стала чальцоў камісіі і да скрыні для галасаваньня.

Што адбылося на самай справе, распавядае дэпутат Сталяроў:

(Сталяроў: ) “Я падаваў заяву. Мною быў выяўлены факт парушэньня. Скрыня падчас датэрміновага галасаваньня не прыбіралася на ноч у асобны пакой, а знаходзілася ў адным памяшканьні з міліцыянэрам. Я падышоў да старшыні камісіі і папрасіў зафіксаваць маю заяву. Ён гэта зрабіць адмовіўся”, – паведаміў дэпутат-назіральнік спадар Сталяроў.

Сёньня акруговая камісіія, якую ачольвае намесьніца старшыні райвыканкаму Рыма Ястрэмская, пагадзілася з выдаленьнем дэпутата-назіральніка.

На Піянэрскім выбарчым участку №4 камісія выдаліла таксама спадара Апсіна, давераную асобу кандыдата ў дэпутаты ад ПКБ, сьлесара заводу “Дыяпраектар” Віктара Паўлава. Апошні зьяўляецца канкурэнтам на выбарах кандыдата ад улады Міхаіла Паплаўскага.
XS
SM
MD
LG