Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 кастрычніка былі заблякаваныя інтэрнэт-рэсурсы шэрагу недзяржаўных СМІ


Ігар Карней, Менск Чаму падчас важных палітычных падзеяў карыстальнікі інтэрнэту ня могуць наведваць сайты шэрагу недзяржаўных выданьняў, праваабарончых арганізацыяў, грамадзкіх ініцыятываў? Хто кантралюе ў Беларусі працу інтэрнэту?

Карыстальнікі інтэрнэту сёньня не маглі патрапіць на шэраг сайтаў, якія плянавалі даваць інфармацыю пра хаду галасаваньня ў рэжыме онлайн. Як і прагназавалася напярэдадні, была цалкам заблякаваная праца інтэрнэт-старонак беларускай службы Радыё Свабода (svaboda.org), грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97” (charter97.org), гарадзенскай газэты “Пагоня” (pahonia.promedia.by), праваабарончай арганізацыі “Вясна” (spring96.org) і некаторых іншых.

У офісе інтэрнэт-правайдэру “Открытый контакт”, які забясьпечвае доступ беларускіх карыстальнікаў да адпаведных сайтаў, кажуць, што праца інтэрнэту замаруджаная з прычыны вялікага попыту на інфармацыю.

(Супрацоўнік фірмы: ) “Ня выключана, што прычына — падвышаная ўвага, падвышаная актыўнасьць, шмат хто жадае наведаць гэтыя сайты. У такім выпадку каналы могуць зьбівацца. Калі ўсе хочуць патрапіць, то інтэрнэт працуе больш павольна. А для кагосьці ўвогуле атрымліваецца тайм-аўт”.

Яшчэ напярэдадні згаданыя інтэрнэт-старонкі адчыняліся без праблемаў. Аднак з улікам досьведу апошняй прэзыдэнцкай кампаніі, калі ў дзень галасаваньня практычна ніводзін з інтэрнэт-сайтаў недзяржаўных мас-мэдыяў не працаваў, за некалькі дзён да 17 кастрычніка на гэтых сайтах зьявіліся папярэджаньні пра магчымае блякаваньне асобных інтэрнэт-рэсурсаў. Прагнозы спраўдзіліся.

На тое, што падчас палітычных акцыяў інтэрнэт працуе (ці не працуе) выбарачна, ці “адрасна”, сьведчыць і той факт, што сайты Беларускага тэлеграфнага агенцтва (belta.by), Беларускага тэлебачаньня (tvr.by) ды іншых дзяржаўных СМІ сёньня працавалі бездакорна і на іх падавалася інфармацыя ў рэжыме онлайн.

Адмыслоўцы ў галіне інтэрнэту кажуць, што стварыць штучны эфэкт перагружанасьці магутнасьцяў ці “затарможанасьці” загрузкі не складае ніякіх тэхнічных складанасьцяў. Спэцыялісты называюць гэта DoS (Denial of Service) атакай.

Гл. таксама • Заблякаваны доступ да інтэрнэт-сайтаў недзяржаўных арганізацыяў і СМІ • Інфармацыя для чытачоў сайту: як абыходзіць блякаваньне
XS
SM
MD
LG