Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнік, які хацеў паглядзець, ці не прастаўленыя ў бюлетэнях загадзя значкі ў графе “ЗА”, быў выдалены з участка


Альгерд Невяроўскі, Менск Незалежныя назіральнікі ад грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” гавораць, што многіх іх калегаў не пускаюць і выдаляюць з выбарчых участкаў. Яны таксама фіксуюць шматлікія парушэньні заканадаўства сябрамі выбарчых камісіяў.

За выбарамі ў Палату прадстаўнікоў 17 кастрычніка назіралі 3.500 назіральнікаў ад грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” ва ўсіх акругах на кожным 4 участку паводле сацыялягічнай выбаркі. Назіральнікі “Партнэрства” адзначаюць, што парушэньняў заканадаўства дапускаецца вельмі шмат.

Паводле назіральнікаў “Партнэрства”, сябры выбарчых камісіяў часта выдаюць па некалькі бюлетэняў у адныя рукі, скрыні для галасаваньня часта не апячатаныя, а сябры выбарчых камісіяў ходзяць па кватэрах і прапануюць прагаласаваць усім. Мікалай Астрэйка кажа, што на многіх участках істотна розьніцца колькасьць прагаласаваўшых на раніцу 17 кастрычніка ў параўнаньні з вечарам 16-га.

Шмат назіральнікаў “Партнэрства” было выдалена 17 кастрычніка з участкаў за тое, што вялі падлік прагаласаваўшых выбарцаў. Вось, што распавяла каардынатарка “Партнэрства” па Менску Ала Еўдакімава:

(Еўдакімава: ) “На ўчастку 467 была выдаленая назіральніца. Яна проста сядзела і ў сваім сшытку лічыла, колькі выбарцаў прыйшло на ўчастак. Прыйшоў старшыня, сказаў, што гэтага рабіць нельга, і што яна парушае закон. Ён выдаліў назіральніцу з участка, ня выдаўшы ёй ніякага пратаколу. Гэта менская Коласаўская акруга, прозьвішча назіральніцы Махач Людміла”.

Паводле прэсавай сакратаркі “Партнэрства” Тацяны Хатэнкі, зарэгістраваных назіральнікаў не пускалі на адзін з участкаў 91 Салігорскай акругі, спасылаючыся на нейкую інструкцыю Цэнтрвыбаркаму.

А на 618 участку менскай Партызанскай акругі быў выдалены назіральнік Аляксей Шыдлоўскі, які хацеў паглядзець, якія бюлетэні выдаюць выбарцам для галасаваньня на рэфэрэндуме, і ці не прастаўленыя ў іх адпаведныя значкі ў графе “ЗА”. Найбольш жа фактаў выдаленьня назіральнікаў зафіксавана ў Віцебскай вобласьці, у прыватнасьці, у Аршанскай Дняпроўскай акрузе.

У назіральнікаў партнэрства ёсьць ужо вынікі галасаваньня па некаторых закрытых участках. Так, у шпіталі Лагойска, дзе зарэгістравана 289 выбарцаў 100% прагаласавалі на рэфэрэндуме “ЗА”. А ў Бярэзінскім шпіталі “ЗА” на рэфэрэндуме сказалі 90% выбарцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG