Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарчых участках прапаноўвалі бясплатнае піва й танную гарэлку


Галіна Абакунчык, Менск На выбарчых участках Менску ў дзень галасаваньня, 17 кастрычніка, наведнікам прапаноўвалі бясплатнае піва, безалькагольныя напоі й гарбату. На ўсе прадукты харчаваньня, кулінарныя й кандытарскія вырабы, а таксама гарэлку была зьнятая гандлёвая надбаўка.

Бясплатнае піва й напоі прэзэнтавалі шэраг заводаў Менску — Аліварыя, завод безалькагольных напояў, холадакамбінат №2. На гарэлку й віно была зьнятая гандлёвая надбаўка. Вось як на гэта рэагавалі некаторыя выбарцы:

(Спадар: ) “Канечне, кепска. Чалавек павінен цьвярозым быць, каб выбраць, за каго галасаваць, а не п’яным”.

(Спадарыня: ) “Звычайна падчас выбараў гарэлкі не прадаюць, а сёньня прадаюць, і мяне гэта вельмі зьдзіўляе”.

Большасьць выбарчых участкаў Менску разьмешчаныя ў палацах і дамах культуры, у навучальных установах. Тым ня менш, таннымі сьпіртовымі напоямі гандлявалі й там. Вось што пра гэта кажа дырэктарка адной з такіх школаў №71 Алена Дамброўская:

(Дамброўская: ) “Школа — яна сёньня ня школа, а выбарчы ўчастак. Тут чарніла не прадаюць, а гарэлку. Так павялося, і ня нам цяпер гэта парушаць”.

Зьніжкі на харчы былі ўсталяваныя паводле адмысловага загаду Менгарвыканкаму. І зрабіць гэта былі вымушаныя ня толькі ўстановы дзяржаўнага гандлю, але й камэрцыйныя структуры. У кіраўніцтве ўнітарнага прадпрыемства “Моладзевы цэнтар” сытуацыю пракамэнтавалі гэтак:

(Спадарыні: ) “Гэта палітычнае мерапрыемства, і мы павінныя пайсьці насустрач. Мы цудоўна разумеем, што трэба заахвочваць сюды нашых людзей. Гэта адзін дзень, а астатнюю гандлёвую надбаўку мы заробім у іншыя дні, паднапружымся”.

Пра тое, што гандлёвыя зьніжкі ў дзень выбараў зьменяцца падвышэньнем коштаў у наступныя дні, гаварылі й некаторыя выбарцы:

(Спадар: ) “Саўковыя ўсё прыёмы, як гаворыцца. І паказальна, што, да прыкладу, у фірмовай краме менскага мясакамбінату на заўтра абвешчаны санітарны дзень. Значыцца, заўтра будуць зьмененыя цэньнікі — трэба ж неяк вяртаць тую зьніжку новымі накруткамі”.

Не абышлося й безь недарэчнасьцяў, як, да прыкладу, у Сьвіслацкай выбарчай акрузе.

(Спадар: ) “Кожны год, пяты год гэты казус здараецца: мы з жонкай запісаныя з 1901 году нараджэньня, а нашыя дзеці — з нашага. Колькі мы ні гаварылі — бессэнсоўна”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вы ведалі, што адзін з кандыдатаў — Аляксандар Дабравольскі — зьняты з галасаваньня? Гэта было для вас нечаканасьцю ці не?”

(Спадар: ) “Нечакана, натуральна, бо гэта адзін з найлепшых кандыдатаў. І мала таго, што зьнялі непрыстойна, дык яшчэ на Дабравольскім наклеілі сьцяг і герб з заклікам ісьці галасаваць”.

(Спадар: ) “Проста народ ужо ня верыць у выбары ў гэтыя”.
XS
SM
MD
LG