Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі супраць рэфэрэндуму прайшлі ў Варшаве, Брусэлі й Стакгольме


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Сёньня ў некалькіх эўрапейскіх сталіцах прайшлі акцыі пратэсту супраць рэфэрэндуму і парушэньняў выбарчага заканадаўства ў Беларусі.

У Брусэлі ад 10 да 12 гадзіны новаствораная арганізацыя “Беларуская Унія” наладзіла пікет каля амбасады Беларусі – у ім узялі удзел каля 20 чалавек. Гаворыць Вадзім Кабанчук:

(Кабанчук: ) “Мы трымалі ў руках плякаты, бел-чырвона-белыя сьцягі, а напрыканцы пікету гучна скандавалі “Паслугачам рэжыму – ганьба”. Асноўная мэта – супраць рэфэрэндуму і ганебных выбараў, гэтага выбарчага фарсу, які зараз разыгрываецца ў Беларусі”.

Пазьней у Брусэлі адбылося шэсьце, арганізаванае Беларускім Цэнтрам і прадстаўнікамі Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь.

Між тым у Стакгольме ад аўторку на выхадзе з амбасады Беларусі адбываецца апытаньне грамадзянаў Беларусі, якія галасавалі ў амбасадзе. Сёньня некалькі чалавек наладзілі каля амбасады анты-рэфэрэдумны пікет, а на адным з будынкаў каля беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва быў наклеены вялізны плякат з надпісам “Не – рэфэрэндуму”.

У Варшаве сябры Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі разам з прадстаўнікамі іншых польскі арганізацыяў таксама наладзілі акцыю супраць рэфэрэндуму – у ёй узялі ўдзел каля 60 чалавек. У часе акцыі адбыўся хэпэнінг, удзельнікі якога нібы таксама галасавалі ў рэфэрэндуме ў справе магчымасьці ўдзелу Лукашэнкі ў наступных выбарах, але на бюлетэні былі тры магчымыя варыянты адказу: “Так”, “Канешне так”, “Натуральна, што так”.

Гаворыць удзельнік акцыі Антось Цялежнікаў:

(Цялежнікаў: ) “Потым гэтае галасаваньне было нібы разагнанае, надышла так бы мовіць “рэвалюцыя ружаў”, мы разгарнулі сьцягі і транспаранты з надпісамі, напрыклад, “Лукашэнка 1994-2004: досыць!”

Прысутныя, сярод іншага, скандавалі лёзунг “Даць магчымасьць апазыцыі”.

***

Дэманстрацыя пратэсту прайшла сёньня таксама каля беларускай амбасады ў Бэлградзе. У ёй ўзялі ўдзел каля двух дзесяткаў сябраў сэрбскіх моладзевых арганізацыяў. Удзельнікі акцыі прынесьлі да амбасады макет выбарчай скрыні, куды кідалі паперкі з надпісам “Не”.
XS
SM
MD
LG