Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адбываўся экзыт-пол на выбарчых участках?


Ганна Соусь, Менск Адразу некалькі арганізацыяў праводзілі экзыт-пол — апытаньні людзей на выхадзе з выбарчых участкаў: балтыйская служба Інстытуту Гэлапа, аналітычны цэнтар “Экоом” і грамадзкая ініцыятыва “Моладзь за справядлівыя выбары”. Дзьве апошнія цягам дня празь дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі абнародавалі вынікі апытаньняў, сьцьвярджаючы, што больш за 80% выбаршчыкаў падтрымалі Аляксандра Лукашэнку на рэфэрэндуме. Балтыйская служба Інстытуту Гэлапа, зыходзячы зь міжнароднай практыкі правядзеньня экзыт-полу, абнародуе вынікі апытаньняў пасьля 20-й гадзіны.

Сябра БРСМ Алена Ракуць, навучэнка Беларускага аргарна-тэхнічнага ўнівэрсытэту разам зь іншымі сябрамі БРСМ праводзіла апытаньне ля выбарчага ўчастку ў школе №203 па вуліцы Гарадзецкай. У руцэ ў яе нататнік, у якім старонка падзеленая да дзьве часткі – у адной яна ставіць пазнаку, калі яе суразмоўца прагаласаваў “за” падаўжэньне паўнамоцтваў Лукашэнкі, у другой — калі супраць. Я паназірала за тым, як праходзіць апытаньне:

(Сябра БРСМ: ) “Калі лічыце магчымым, адкажыце на пытаньне: вы галасавалі за ці супраць зьмяненьня Канстытуцыі?”

(Спадарыня: ) “Мы галасавалі за Канстытуцыю”.

(Сябра БРСМ: ) “Дзякуй вялікі”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы будзеце пазначаць у сябе, калі прагаласавалі за Канстытуцыю?”

(Сябра БРСМ: ) “За”, за зьмены ў Канстытуцыі”.

(Сябра БРСМ: ) “Вы галасавалі за ці супраць зьмяненьня Канстытуцыі?”

(Спадар: ) “Супраць”.

(Спадар: ) “За”.

(Спадарыня: ) “І за, і супраць”.

Падчас апытаньня да сябраў БРСМ падыходзіць міліцыянт і просіць прайсьці ў памяшканьне, каб высьветліць, ці маюць яны права праводзіць апытаньне. Празь некалькі хвілінаў дазвол атрыманы.

У крыху іншых умовах працуюць тыя, хто апытвае выбаршчыкаў на замову балтыйскай службы Інстытуту Гэлапа. На 102-м выбарчым участку ў школе №36 па вуліцы Якубава я назірала за тым, як вядзецца апытаньне. Адрозна ад нататнікаў БРСМаўцаў, тут існуе распрацаваная анкета з шэрагам пытаньняў — як галасавалі на рэфэрэндуме, як на выбарах у Палату Прадстаўнікоў, калі прынялі рашэньне, пытаньні пра сацыяльны статус, узрост рэспандэнта. Апытаньне праводзіцца ад 7 да 19 гадзіны, спачатку апытваецца кожны дзясяты з тых, хто прагаласавалі, потым – кожны саракавы.

Усяго за дзень на гэтым участку апытваецца каля тысячы чалавек. Міліцыя не дазваляе праводзіць апытаньня каля школьнага будынку, таму ўсё адбываецца за школьнай брамай. Жанчыны, якія праводзяць апытаньне, адмовіліся гаварыць пры ўключаным дыктафоне, а таксама не дазволілі запісваць іх гутарку з выбаршчыкамі, бо гэта парушае ананімнасьць апытаньня і не адпавядае навуковаму прынцыпу яго правядзеньня.

Я зьвярнулася да кіраўніка аналітычнага цэнтру “Экоом” Сяргея Мусіенкі з пытаньнем, на якой падставе яны абнародуюць зьвесткі экзыт-полу ў часе правядзеньня рэфэрэндуму і выбараў, калі яшчэ вядзецца галасаваньне.

(Мусіенка: ) “Мы зьвярнуліся з гэтым пытаньнем у Цэнтарвыбаркам, і атрымалі згоду, таму мы не баімся гэтага рабіць. Тут, канечне, пытаньне ёсьць, але нам далі дабро на гэта”.

Паводле зьвестак цэнтру “Экоом”, на 15.30 на выхадзе з выбарчых участкаў адказалі на пытаньне 10 тысяч чалавек. Выказаліся за зьмены ў Канстытуцыі 8672 чалавекі, што складае больш за 81%. Паводле Сяргея Мусіенкі, экзыт-пол праводзіўся больш чым на 100 выбарчых участках Беларусі. Вынікі экзыт-полу, якія праводзіла балтыйская служба Інстытуту Гэлапа, будуць абнародаваныя ў 20.30.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG