Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне назіральнікаў пазбаўляюць інфармацыі пра вынікі датэрміновага галасаваньня


Алег Супрунюк, Берасьце Некаторым зь іх пагражаюць выдаліць з выбарчых участкаў за тое, што яны цікавяцца гэтымі зьвесткамі й колькасьцю выбарцаў, уключаных у сьпісы для галасаваньня.

Паводле назіральнікаў, якія прадстаўляюць апазыцыйныя палітычныя партыі, Беларускі Хэльсынскі камітэт ды шэраг грамадзкіх аб’яднаньняў, колькасьць выбарцаў Берасьцейшчыны, што прагаласавала датэрмінова, у сярэднім перавысіла 20%. Між тым, з паведамленьняў Цэнтрвыбаркаму вынікае, што ў вобласьці прагаласавала каля 12,5% выбарцаў.

Афіцыйнай інфармацыі непасрэдна з участкаў на гэты конт няма: у выбарчых камісіях адмаўляюцца паведамляць пра вынікі датэрміновага галасаваньня. Так, у Бярозаўскай выбарчай акрузе сябры камісіяў кажуць, што ўсімі зьвесткамі, якія тычацца датэрміновага галасаваньня, валодаюць выключна ў арганізацыйным аддзеле мясцовага райвыканкаму.

У некаторых выпадках назіральнікам, што актыўна цікавяцца гэтымі зьвесткамі, пагражаюць выдаліць з выбарчых участкаў. Што да ўмоваў дзейнасьці назіральнікаў, дык пра іх распавёў кіраўнік абласной арганізацыі АГП Сьцяпан Навасельчан, які наведаў выбарчы ўчастак у інтэрнаце Берасьцейскага малочнага камбінату:

(Навасельчан: ) “Яны ня маюць магчымасьці назіраць за выдачай бюлетэняў, за працай камісіі й нават за хадой галасаваньня. Там сьценка стаіць і дзьве дзьверы. Яны нічога ня бачаць”.

Назіральнікі таксама пазбаўленыя магчымасьці даведацца пра колькасьць выбарцаў, уключаных у сьпісы для галасаваньня на кожны канкрэтным участку.
XS
SM
MD
LG