Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заявы прадстаўнікоў міжнародных інстытуцыяў і ЗША, зробленыя падчас перадвыбарчай кампаніі


Юры Дракахруст, Прага Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр: “Мяркуючы па пастаянных і сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека і прынцыпаў дэмакратыі, мы сур’ёзна сумняемся, што выбары ў Беларусі будуць адпавядаць міжнародным дэмакратычным стандартам. Улады адмовіліся рэгістраваць прыблізна 40 адсоткаў кандыдатаў у дэпутаты. Гэтыя адмовы грунтаваліся, у асноўным, на нязначных альбо толькі меркаваных парушэньнях ў дакумэнтацыі кандыдатаў, і яны былі прадузята прымененыя да кандыдатаў ад апазыцыі”.

“Кіраўніцтва Беларусі ігнаруе заклікі міжнароднай супольнасьці забясьпечыць дэмакратычныя ўмовы правядзеньня выбараў і рэфэрэндуму”.

“ЗША і Эўразьвяз неаднаразова зьвярталіся да беларускіх уладаў з прапановай выконваць міжнародныя стандарты ў правядзеньні выбараў і рэфэрэндумаў. Беларускія ўлады ня выканалі абяцаньняў, што да мінулых рэфэрэндумаў і выбараў, і, згодна з інфармацыяй АБСЭ, цяперашняя кампанія праходзіць з парушэньнямі”.

Віцэ-сьпікер Эўрпарлямэнту Януш Анышкевіч:

“Калі выбары й рэфэрэндум у Беларусі будуць прызнаныя недэмакратычнымі, я выступлю з прапановай прызнаць нелегітымнымі і беларускі парлямэнт, і прэзыдэнта.Я не кажу пра ізаляцыю беларусаў і Беларусі, а менавіта гэтых структураў. У Эўрапейскім парлямэнце мы будзем увесь час, наколькі хопіць сілаў, займацца беларускім пытаньнем, а сілаў, думаю, хопіць”.

Бэрнард Бот, міністар замежных справаў Нідэрляндаў, якія зараз старшынююць у Эўразьвязе:

“Эўразьвяз перакананы, што гэты рэфэрэндум не адпавядае дэмакратычным прынцыпам. У тым выпадку, калі прызначаныя на 17 кастрычніка выбары і рэфэрэндум пройдуць не па дэмакратычных правілах, не выключаю, што дачыненьні Эўразьвязу зь Беларусьсю могуць істотна пагоршыцца”.

Рада агульных справаў і замежных дачыненьняў Эўразьвязу:

“Рада мае сур’ёзныя й добра абгрунтаваныя сумневы што да таго, ці выкананыя неабходныя ўмовы для правядзеньня свабоднага й справядлівага рэфэрэндуму ў Беларусі. Наадварот, становішча з дэмакратыяй, вяршэнствам закону й правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, што прадэманстравалі, сярод іншага, нядаўняе закрыцьцё некалькіх незалежных газэт і працяг прыцісканьня апазыцыі. Калі парлямэнцкія выбары ды абвешчаны рэфэрэндум не адбудуцца пры свабодных і справядлівых ўмовах, гэта ня зможа застацца без наступстваў для нашых узаемадачыненьняў”.

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Пэтэр Шыдэр:

“Недэмакратычная палітыка беларускіх уладаў паглыбляе ізаляцыю краіны. Рада Эўропы гатовая назіраць за справядлівасьцю выбараў у складзе міжнароднай назіральнай місіі. Калі ж рэфэрэндум будзе праходзіць у несвабодных і несправядлівых умовах, Рада Эўропы зробіць адпаведныя высновы”.
XS
SM
MD
LG