Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарчым участку, дзе галасаваў Лукашэнка, абмежавалі знаходжаньне журналістаў


Валер Каліноўскі, Менск Выбарчы кодэкс дазваляе журналістам знаходзіцца на ўсіх выбарчы ўчастках краіны, аднак з раніцы ўчастак Акадэміі фізвыхаваньня, дзе звычайна галасуе Аляксандар Лукашэнка, быў пад узмоцненай аховай міліцыі і службы аховы прэзыдэнта. Яны прапускалі на ўчастак толькі тых журналістаў, якія мелі дазвол прэзыдэнцкай прэсавай службы. Тых журналістаў, якія не былі ў сьпісе, але здолелі разам з выбаршчыкамі прайсьці на ўчастак, супрацоўнікі аховы адводзілі нібыта для дагляду сумак, а потым ветліва выправоджвалі з участка. Журналістаў на ўчастку было значна меней, чым звычайна ў такіх выпадках.

За 20 хвілінаў да зьяўленьня Лукашэнкі ўчастак быў практычна заблякаваны і ператварыўся ў рэжымны аб’ект. Аляксандар Лукашэнка прыйшоў на выбарчы ўчастак з ружамі, перадаў іх старшыні выбарчай камісіі і сказаў жартам, што прыйшоў яе падкупіць.

З журналістамі Лукашэнка размаўляў мала, ягоная прэсавая служба дазволіла ім задаць толькі тры пытаньні. На пытаньне Бі-Бі-Сі наконт фальсыфікацыяў ён адказаў, што Захаду трэба больш цікавіцца сваімі справамі, ужо маўляў 10 год Захад выказвае занепакоенасьць наконт фальсыфікацыяў. На пытаньне, навошта ўвогуле патрэбны рэфэрэндум, ён адказаў, што ён патрэбны для “зьверкі курса”.

На выбарчым ўчастку прадстаўніца праўрадавай структуры “экзыт-пол” Алена Дзямідава давяла Лукашэнку, што рэфэрэндум, паводле іхных падлікаў, падтрымліваюць 85 адсоткаў апытаных. На ўчастку Аляксандра Лукашэнкі бясплатна раздавалі каву і піва.
XS
SM
MD
LG