Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя пратэсту ля беларускай амбасады ў Празе


Ганна Сурмач, Прага Акцыю пратэсту супроць недэмакратычных выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі ладзілі сёньня й беларусы Чэхіі. У ёй прынялі ўдзел больш за паўсотні чалавек.

(Сурмач: ) “Зараз я знаходжуся сярод беларусаў , якія сёньня пікетуюць каля беларускай амбасады ў Празе, на Троі. Тут сабралася даволі ладная беларуская грамада – гэта беларускія палітычныя ўцекачы, гэта тыя беларусы, хто жыве і працуе ў Празе, а таксама сябры-чэхі.

І што цікава, што менавіта яны падрыхтавалі такі сымбалічны “падарунак” для Лукашэнкі – зрабіла гэта чэская сэкцыя “Міжнароднай амністыі” – яны падрыхтавалі такі 5-мэтровы скрутак калючага дроту са стужкаю, які хацелі перадаць прадстаўнікам беларускай амбасады. Зазванілі туды, але, на жаль, ніхто з амбасады ня выйшаў, і гэты “падарунак” давялося пакласьці каля ўваходу ў амбасаду.

На будынку амбасады вісіць аб’ява пра тое, што там знаходзіцца выбарчы ўчастак, нумар ягоны пазначаны – 691. Дачасныя выбары, там напісана, пачаліся ўжо 12 кастрычніка ў Празе. За той час, колькі мы тут стаім з 10.00 раніцы, ніхто зь беларусаў з Чэхіі не прыходзіў галасаваць, мы ня бачылі там ніводнага выбаршчыка.

Вакол мяне – бел-чырвона-белыя сьцягі, нават маленькі хлопчык з бел-чырвона-белым сьцяжком, сынок адной беларускай сям’і, а таксама плякаты з пратэстамі, напісаныя па-беларуску і па-чэску.

Беларусаў прыйшлі падтрымаць таксама сябры-ўкраінцы.

Беларусы Прагі выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне да таго, што адбываецца ў Беларусі. Але выказалі й надзею, што гэты рэфэрэндум не прынясе перамогі Лукашэнку, нават калі гэта будзе так выглядаць”.
XS
SM
MD
LG