Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я хачу ў Лідзіі Ярмошынай спытацца: Вы на якую пэнсію, Лідзія Міхайлаўна, разьлічваеце пры 2-м і 3-м прэзыдэнце? Бо падман жа ўсплыве”.


RFE/RL Водгукі слухачоў – 16 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Я зьяўляюся падпісчыкам газэты “Советская Белоруссия”. Падпісчыкі “Советской Белоруссии” – гэта ў асноўным, людзі, якія падтрымліваюць палітыку, якую праводзіць урад Лукашэнкі. Прашу вас перадаць шаноўным спадарам апазыцыянэрам ды іх кіраўнікам, што спэцыяльны выпуск газэты “Советская Белоруссия” надрукаваны не за кошт падаткадаўцаў, якімі ёсьць спадары апазыцыянэры. Спэцыяльны выпуск з накладам 900 тысячаў выдрукаваны за наш кошт, падпісчыкаў газэты “Советская Белоруссия”. Кожны чацьвер нам прыносілі газэту “Советская Белоруссия”, надрукаваную на 12-ці старонках, але ў гэты чацьвер прынесьлі толькі на 4-х старонках – аб’ёмам у тры разы меней. За гэты кошт выпусьцілі наклад у 900 тысячаў, то бок, у тры разы болей. Дзякую”.

(Лідзія Іванаўна Сянкевіч: ) “Паважаная “Свабода”. Маё меркаваньне наконт выбараў у палатку і рэфэрэндуму. Калі б “Пяцёрка плюс” паслухала меркаваньне мудрага палітыка Зянона Пазьняка й аб’явіла байкот – былі б вынікі, была б нейкая барацьба. Нават малыя адсоткі іншадумцаў далі б вынік. Што ж, усё распылілася, і што ж атрымалася – ха! Атрымалася, што апазыцыйных кандыдатаў настолькі мала, што яны й ня пройдуць у палатку. Маё меркаваньне такое, што такія палітыкі, як Лябедзька, Статкевіч, Вячорка, Хадыка – яны мусяць сысьці з палітычный арэны. Бо яны нядальнабачныя, і іх кар’ера павінна быць скончанай пасьля выбараў”.

(Спадар: ) “Хацеў бы крыху падзяліцца сваімі думкамі. Мне падаецца дужа неразумным тое, што гавораць апанэнты Лукашэнкі наконт таго, што трэба ігнараваць гэтыя выбары. Гэта, як найменей, несур’ёзна. Гэта, уласна, яшчэ адна прычына для фальсыфікацыяў. Трэба ісьці менавіта сямнаццатага, трэба галасаваць менавіта “супраць” – гэта, здаецца мне, больш разумны варыянт, прынамсі, на тым узроўні, на якім гэта ўяўляецца нам цяпер. Але, ні ў якім разе, не ігнараваньне іх – трэба ісьці й галасаваць “супраць”. Будзе меней магчымасьцяў для фальсыфікацыяў”.

(Спадарыня: ) “Добры дзень. Завадзкі раён, участак 13 па вуліцы Ангарская-88 (у дзіцячай музычнай школе). Пакрыўдзілі бабульку 1922-га году нараджэньня, Рублянок Вольгу Стэфанаўну – ня ўнесьлі ў сьпісы. А яна, улічваючы свой узрост, хацела б прагаласаваць апошні раз правільна, бо кажа, што ўсё жыцьцё галасавала няправільна. Дзякую”.

(Слухач Зіноўеў: ) (1) “Добрага ранку, шаноўная “Свабода”. Я хачу ў Лідзіі Ярмошынай спытацца: Вы на якую пэнсію, Лідзія Міхайлаўна, разьлічваеце пры 2-м і 3-м прэзыдэнце? Бо падман жа ўсплыве. Да прыкладу, ёсьць гарады, дзе адсоткаў дваццаць мужчын-выбарцаў зараз няма на месцы – яны на заробках у Расеі той жа. Вось хто іх голас палічыць, цікава? А пасьля вы скажаце: “Я была “маленькім вінцікам””. Я думаю, што гэты рэфэрэндум ня будзе такім значным, як калі-небудзь рэфэрэндум пра далучэньне Беларусі да Эўразьвязу. І ён будзе праводзіцца зь іншым ЦВК і іншым яе старшынёй”.

(Слухач Зіноўеў: ) (2) “Я хацеў бы яшчэ пару слоў сказаць “Свабодзе” яшчэ й неафіцыйна. Я тэлефанаваў у Віцебск, у Абласное упраўленьне ўнутраных спраў – у абласную міліцыю. Аказваецца, яны там ніколі не шукалі такога чалавека, па імі-прозьвішчы Ачымес Гачыяеў (?). І я так падумаў вось што: калі апэрацыя “Спадкаемца” была так сплянавана, каб у Беларусі яго не шукаць, то было б лягічна падумаць, што, можа быць, ён тут бываў пасьля 1999-га году. Дакладней, ня сам Ачымес Гачыяеў, а гэбэшнік, які згуляў яго ролю. І я думаю, што гэта цалкам магчыма для блахінскай “браціі” гэта ўсё арганізаваць; яна ж арганізавала, напрыклад, тут прыкрыцьцё для Ігара Геаргадзэ. Людзі прыкладна ведаюць, што ён жыве дзесьці ў Менску, але дзе – ніхто таксама нічога ня ведае. Цалкам магчыма, што гэта было адмыслова так задумана, што галоўны падазраваны спэцыяльна не шукаўся ў Беларусі, каб яго можна было тут схаваць. І, нават калі яго тут ніколі не было, усё адно было б цікава даведацца, чаму яго тут ніколі не шукалі. Бо, калі Пуцін заяўляў, што Хатаб выдзеліў паўмільёна на гэтыя выбухі, што ж ён, ня даў бы капейку на электрычку Смаленск-Віцебск, каб прыехаць сюды?”

(Спадарыня: ) “Хачу сказаць наконт выбараў. Тэлефануюць зь вёскі, з Ваўкавыскага раёну. Брыдка й агідна глядзець, як прысылаюць гэтыя аўтобусы, садзяць гэтых старых бабаў, вязуць, каб прагаласавалі. Праўда, разумнейшыя людзі ня едуць, разумнейшыя людзі ўсе будуць галасаваць 17-га, каторыя супраць Лукашэнкі – ні адзін ня едзе. Бо мы ведаем, што ў апазыцыі самыя разумныя людзі, самы цьвет Беларусі, акадэмікі, пісьменьнікі, артысты, мастакі, лепшая моладзь Беларусі – уся ў апазыцыі. І нам ня трэба ад іх ніякіх ні ўлётак, ні агітацыі – мы даўно за іх будзем галасаваць, за такіх, як Фралоў, Казлоўскі. Мы ведалі, што іх ня будуць прапускаць, бо ў нас ня Цэнтрвыбаркам, а пародыя на Цэнтрвыбаркам. Гэтая ілжывая баба – ім даўно ў турме трэба сядзець, яны самі парушаюць усе выбарчыя законы. Самі загадалі гэтым участковым камісіям, як рабіць, каго калі зьняць – каго спачатку, каго ўсярэдзіне, каго пад канец… А вы туды яшчэ скаргі пасылаеце – каму пасылаць скаргі, гэтай бабе? Дык яна – хамуль добры, а вы ёй яшчэ скаргі пасылаеце. Такіх, як Козік, Папкоў, Канаплёў – такіх людзей выкрэсьлівайце, за такіх не галасуйце. Гэта не мужчыны, гэта халуі. А за такіх людзей разумных, як Фралоў, Скрабец, Парфяновіч – во за такіх трэба галасаваць. У мяне ўсё”.
XS
SM
MD
LG