Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнку трэба баяцца не апазыцыі, а падхалімаў, якія ёсьць унутранымі ворагамі ўлады”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Сотні тысяч людзей у Беларусі пабывалі на выбарчых участках не ў нядзелю, а за некалькі дзён да 17 кастрычніка — афіцыйнай даты парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Гэты факт выклікае пытаньні ня толькі ў апазыцыі й назіральнікаў, але і ў тых беларускіх выбарцаў, якія падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку. Вось які ліст атрымалі мы ад Уладзімера Кавальчука з Баранавіцкага раёну. Слухач піша:

“Аляксандар Лукашэнка — народны прэзыдэнт. Большасьць людзей за яго. Але на месцах ёсьць некаторыя перагібы. Напрыклад, людзей пад прымусам гоняць на датэрміновае галасаваньне. Навошта? Чалавек прыйдзе 17 кастрычніка на ўчастак і сам прагаласуе за Лукашэнку. А калі яго цягнуць туды за аброць — што ён падумае? Вінаваты тут не Лукашэнка, а розныя падхалімы на месцах.

Тое ж і з агітацыяй. Дуюць толькі ў адну дудку. Тэлебачаньне ўжо немагчыма глядзець. Ужо так у нас усё добра — нібы рай на зямлі. Ясна ж, што праблемаў хапае. Дык і казаць пра гэта трэба, а не выхваляцца. Усю гэтую пахвальбу запускаюць таемныя ворагі Лукашэнкі. Ён жа сказаў: ніякага ўсхваленьня быць не павінна, бо людзей гэта раздражняе, і яны могуць перадумаць. Але падхалімы не сунімаюцца, бо хочуць папсаваць прэзыдэнту справы. Баяцца Лукашэнку трэба не апазыцыі, а падхалімаў, якія зьяўляюцца ягонымі ўнутранымі ворагамі. Я стаў слухаць Свабоду, бо тут больш цікавыя навіны, чым на дзяржаўным радыё. Хоць з тым, што вы гаворыце пра Лукашэнку, я і не пагаджаюся, але ў вас хоць пра рэальнае жыцьцё можна пачуць.

Калі Лукашэнку хто і пагубіць, дык гэта халуі й падхалімы. Я пісаў пра гэта на дзяржаўнае радыё, але яны мне нават не адказалі. Напэўна, такія ж акапаліся і там”.

Калі вы, спадар Кавальчук, мяркуеце, што масавае датэрміновае галасаваньне альбо аднабаковая прапагандысцкая кампанія ва ўсіх дзяржаўных мэдыях — гэта ініцыятыва некаторых асабліва заўзятых чыноўнікаў альбо таемных апазыцыянэраў, то яўна памыляецеся. Прымусовае датэрміновае галасаваньне ішло ва ўсіх без выключэньня раёнах Беларусі, ва ўсіх навучальных установах, вайсковых частках і міліцэйскіх аддзелах. Гэтая кампанія накіроўвалася зь Менску, і не магла адбывацца без ухваленьня Аляксандра Лукашэнкі. Дзеля чаго ўсё гэта рабілася — няцяжка здагадацца. Тое ж і з аднабаковай агітацыяй, і зь ператварэньнем навінных праграмаў тэлебачаньня і радыё ў пералік суцэльных посьпехаў і перамогаў. Людзі сярэдняга і старэйшага пакаленьня памятаюць, якой была галоўная інфармацыйная праграма на савецкім тэлебачаньні. Сёньняшняя тэлепраграма “Панарама” на дзяржаўным беларускім тэлебачаньні у многім ёсьць копіяй той праграмы “Время” эпохі Леаніда Брэжнева.

Наш слухач зь Менску Васіль Бусел у сваім лісьце на Свабоду піша:

“У нас ёсьць хоць і вельмі слабыя, але ўсё ж законныя сродкі дзеля агалошваньня магчымых фальшаваньняў падчас выбараў. Але мы, талерантныя беларусы, прывыклі паводзіць сябе бязвольна, дазваляем іншым падманваць сябе. Глядзім скрозь пальцы на супрацьзаконныя дзеяньні, якія робяцца на нашых вачах. А ў выніку грашым усе мы — і тыя, хто выконвае гэтыя махінацыі; і тыя, хто не пярэчыць ім. Грэх гэты распаўсюджваецца потым на ўсіх астатніх грамадзянаў Беларусі.

Калі б у кожнай участковай выбарчай камісіі знайшлося хаця б некалькі чалавек, якія занялі б актыўную пазыцыю супрацьдзеяньня фальшаваньням, калі б гэтыя людзі не пабаяліся потым абскардзіць вынікі галасаваньня праз суд, то такія дзеяньні атрымалі б шырокі грамадскі розгалас і паказалі б многім цяперашнім прыхільнікам улады, чаго вартыя выніковыя лічбы Цэнтарвыбаркаму”.

Мінулыя выбарчыя кампаніі паказалі, што такіх людзей у складзе выбарчых камісіяў фактычна няма. Гэтаму ёсьць простае тлумачэньне. Улады запісваюць у склад камісіяў тых, хто ўжо неаднаразова яшчэ з савецкага часу на практыцы паказаў сваю поўную паслухмянасьць і гатовасьць выконваць загады начальства. Тых, у каго іншае меркаваньне і прынцыпы, у камісіі проста не дапускаюць.

Ліст ад Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Далёка ня ўсе будуць галасаваць на рэфэрэндуме так, як хочацца ўладзе. Але, вядома, ёсьць людзі, якія ня прывыклі думаць, ня маюць уласнага меркаваньня, жывуць чужым розумам. Яны ня ведаюць, наколькі жабрацкім і марным выглядае іхнае існаваньне, калі параўноўваць яго з тым, як жывуць людзі ў цывілізаваным сьвеце. У каго ёсьць галава на плячах, ня будзе галасаваць за тое, каб улада ў нас заставалася нязьменнай. Асабіста я выключаю тэлевізар, калі дзяржаўнае тэлебачаньне пачынае “прамываць мазгі”: пераконвае ў тым, як добра мы жывем, і паказвае, як галасаваць за Лукашэнку.

Калі назіраю, што цяпер адбываецца, згадваю адну гісторыю, што адбылася ў нашых мясьцінах у 1939 годзе. Прыйшлі бальшавікі, і адна мясцовая жанчына са сьлязьмі захапленьня прасіла іх, каб як найхутчэй прыняў нас пад сваю апеку вялікі правадыр таварыш Сталін. Бальшавіцкі бос, які яе слухаў, з крывой усьмешкай кінуў: “Ня плач, сьлёзы табе яшчэ спатрэбяцца”. Празь месяц гэтая ж жанчына залівалася сьлязьмі, калі ад яе забіралі апошняе сьвінчо”.

Сапраўды, людзі, якія памятаюць той час і на сабе адчулі жалезную далонь таталітарнай улады, наўрад ці зноў будуць імкнуцца займець новага правадыра. Але чужы досьвед для многіх людзей не павучальны — яны вучацца на ўласных памылках (часам – такіх, якія маюць наступствы ня толькі для іх, але і для наступных пакаленьняў).

Ліст ад Анатоля Скуратовіча зь Менску. Слухач піша:

“У незалежнай прэсе часта публікуюць зьвесткі пра незаконныя дзеяньні ўлады ў дачыненьні да вядомых асобаў. Напрыклад, пра адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты апазыцыйных актывістаў ці тых людзей, якія не падтрымліваюць уладу. Аднак ад такога беззаконьня церпяць ня толькі вядомыя людзі, але і звычайныя грамадзяне. Пра гэта сьведчыць, напрыклад, мой выпадак. Я інвалід 3-й групы, але мне на працягу сямі месяцаў не плацілі пэнсію. Пры звароце ў райсабес мне адмовілі ў рэгістрацыі заявы, спасылаючыся на тое, што я ня ведаю правілаў справаводзтва. Пра такія выпадкі ня піша ніводная газэта.

Сьцьвярджэньні незалежных газэтаў, што чыноўнікі нібыта не падтрымліваюць трэцяга тэрміну Лукашэнкі, лічу, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Пры цяперашнім рэжыме чыноўнік адказвае толькі перад адным “бацькам” — меркаваньне людзей і патрабаваньні закону для яго нічога не азначаюць. Магчыма, хто-небудзь задумаецца над гэтым, ідучы на рэфэрэндум”.

Задумаюцца, спадар Скуратовіч, відавочна, тыя, хто, як і вы, сутыкнуўся зь бюракратычнай машынай і зразумеў, наколькі жорсткая яна ў дачыненьні да звычайнага чалавека — чалавека без пасадаў і званьняў, са сваімі прыватнымі праблемамі. Мясцовы начальнік — старшыня раённага ці гарадзкога выканкаму — вельмі мала залежыць ад насельніцтва, якім кіруе. Людзі яго не выбіраюць і ня могуць пазбавіць пасады. Усімі сваімі дабротамі ён абавязаны выключна прэзыдэнту Лукашэнку. Ад яго ж цалкам залежыць і будучыня мясцовага начальніка. Чаму так сталася? Такую сыстэму ўлады стварыў Аляксандар Лукашэнка, замацаваўшы яе ў Канстытуцыі 1996 году. Калі б людзі ўважліва чыталі тую Канстытуцыю і слухалі спэцыялістаў, якія папярэджвалі пра наступствы стварэньня так званай жорсткай уладнай вэртыкалі — напэўна, тады па іншаму галасавалі б восем год таму.

На заканчэньне — ліст ад Вольгі Бацян з Наваградку. Слухачка піша:

“Выбары маюць сэнс тады, калі ёсьць давер да тых, хто лічыць бюлетэні. У іншым выпадку яны ператвараюцца ў фарс. У Савецкім Саюзе на выбарах камуністы заўсёды атрымлівалі 99% падтрымкі. Калі б яны былі разумнейшымі, дык маглі зэканоміць мільярды рублёў, не праводзячы тыя псэўда-выбары. Усё роўна ім ніхто ня верыў. Аляксандар Лукашэнка стварыў такі ж рэжым, як камуністы. Пры такой сыстэме ўлады на такіх выбарах можа перамагаць толькі ўлада — гэта ўсім ясна. І ніводная дэмакратычная краіна такіх выбараў не прызнае. Навошта тады іх праводзіць. Лепш бы заробкі падвысілі”.

Таталітарныя валадары, спадарыня Бацян, ня любяць, калі іх называюць дыктатарамі ці аўтарытарнымі лідэрамі. У гісторыю хочацца ўвайсьці дэмакратычна абраным прэзыдэнтам, законным генэральным сакратаром і старшынём якога-небудзь прэзыдыюму, а не махляром, тыранам і самазванцам. Таму ў Савецкім Саюзе і праводзілі так званыя выбары, называючы ўсё гэта “сацыялістычнай дэмакратыяй”. У сёньняшняй Беларусі падобнага кшталту “дэмакратыю” паспрабавалі аднавіць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG