Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У заходнім друку Лукашэнку ўсё часьцей параўноўваюць са Сталінам


Тацяна Поклад, Прага Вядучыя замежныя выданьні пішуць пра Беларусь – вось некаторыя загалоўкі з суботніх амэрыканскіх і брытанскіх газэтаў: “Маленькі Сталін сьціскае Беларусь у кулаку”, “Апошні дыктатар у Эўропе”, “Новая сыстэма выпаўзае з савецкіх парэшткаў”.

Амэрыканская “New York Times” піша ў падрабязным артыкуле пра сытуацыю у Беларусі напярэдадні рэфэрэндуму й выбараў: “Галасаваньне беларусаў на заўтрашнім рэфэрэндуме мае вызначыць, ці гэтая краіна ва Ўсходняй Эўропе застанецца ў ізаляцыі савецкага кшталту й адсталасьці, ці пакрысе павернецца кірункам да Захаду”. У артыкуле апісваецца пыхлівае аздабленьне менскіх вуліцаў і нізкі ўзровень жыцьця у краіне. “New York Times” цытуе словы Станіслава Шушкевіча: “Гэта нэа-сацыялізм, але Беларусь пайшла далей – да нэа-камунізму”.

Брытанская “Independent” падае артыкул Аскольда Крушэльніцкага з Кіеву “Апошні дыктатар у Эўропе”. Аўтар адзначае: “Лукашэнка гаворыць так, быццам халодная вайна дасюль ня скончылася. Мэты Лукашэнкі ў цяперашнім рэфэрэндуме – дамагчыся для сябе прэзыдэнцтва на ўсё жыцьцё, каб кіраваць як апошні дыктатар у Эўропе сталінскага кшталту”.

Брытанская “Daily Telegraph” так і назвала артыкул, прысьвечаны Беларусі – “Маленьнкі Сталін сьціскае Беларусь у кулаку”. “Daily Telegraph” так піша пра рэфэрэндум: “Самы брыдкі ў Эўропе рэжым просіць выбарцаў даць права прэзыдэнту кіраваць цягам ўсяго жыцьця”. Артыкул грунтуецца на паведамленьні Юліюса Штраўса зь Менску й падае падрабязнае апісаньне кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі – якім чынам ўсю палітычную, эканамічную уладу дыктатар паступова і няўхільна канцэнтраваў у сваіх руках, і да якой галечы гэта прывяло краіну.

Робэрт Скідэльскі, прафэсар палітычнай эканомікі на ўнівэрсытэце ў Уорвік, у артыкуле “Новая сыстэма выпаўзае з савецкіх парэшткаў” у “Times” спыняецца на палітычнай сытуацыі у Беларусі. Аўтар адзначае:

“Заўтра людзей Беларусі просяць пацьвердзіць канстытуцыйныя зьмены, якія дазволяць іх прэзыдэнту застацца на трэці тэрмін. Няма сумненьня адносна вынікаў. Як Ёсіф Сталін некалі сказаў: “Не істотна, як людзі галасуюць, істотна, хто лічыць галасы.” Са сваёй рэпрэсіўнай эканомікай і рэпрэсіўнай палітыкай, Беларусь – парыя ў Эўропе. Яе значнасьць не ў яе эксцэнтрычнасьці, але ў тым, што Беларусь пракладае шлях для напаўсьвядомых спробаў стварыць занава нейкі кшталт Савецкага Саюзу”.

Робэрт Скідэльскі апісвае эканоміку Беларусі зь яе цэнтралізаваным кіраваньнем і дачыненьнямі з Расеяй, якую аўтар называе “спонсарам” Беларусі і адзначае: “Афіцыйныя асобы Беларусі ахвотна абмяркоўваюць і знаходзяць апраўданьні іх эканамічнай палітыцы, але маўчаць, калі справа даходзіць да палітыкі. Дэмакратыя ў Беларусі сёньня, па сутнасьці, больш фальшывая, чым у савецкія часы, бо пры Саветах была не дыктатура адной асобы прэзыдэнта, а калектыўная дыктатура Камуністычнай партыі. Беларуская палітычная сыстэма – правакацыя для Эўрапейскага Зьвязу, але яна усё больш робіцца прыкладнай мадэльлю для Ўладзімера Пуціна. Прэзыдэнт Лукашэнка нават не абцяжарваў сябе тым, каб зьмяніць назву КГБ. Цяпер, падобна, спадар Пуцін наважаны аднавіць у Расеі статус КГБ, заснаваны на “каманднай вэртыкалі”, якую Лукашэнка практыкуе ў Беларусі. Дзе Лукашэнка пракладае шлях, Пуцін ідзе за ім усьлед”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG