Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Эўрапарлямэнту, якім афіцыйны Менск адмовіў у статусе назіральнікаў, дзеляцца першымі ўражаньнямі ад выбарчай кампаніі ў Менску


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менск на запрашэньне апазыцыйных палітычных партыяў прыехалі дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы Барбара Кудрыцка й Багдан Кліх. Беларускія ўлады адмовіліся даць ім статус міжнародных назіральнікаў, таму польскія эўрадэпутаты назіраюць за выбарамі й рэфэрэндумам неафіцыйна.

Дэпутатка Эўрапарлямэнту Барбара Кудрыцка ўжо другі дзень назірае за датэрміновым галасаваньнем. На яе думку, выбарчай кампаніі ў сталіцы не відаць.

(Кудрыцка: ) "Не відаць плякатаў кандыдатаў, не відаць сустрэч з выбарнікамі. Кандыдатаў выціскаюць. Адмянілі рэгістрацыю шэрагу кандыдатаў. Мне гаварылі таксама пра папярэдняе галасаваньне. Здаецца, тут якраз дзіўная сытуацыя: выглядае так, што ажыцьцяўляецца спроба здабыць пэўную частку галасоў яшчэ да дня выбараў. Я ведаю, што гэта адпавядае тутэйшаму закону, але гэта супярэчыць прынцыпам, правілам сапраўдных дэмакратычных выбараў".

Сказала спадарыня Кудрыцка. Яе калега Багдан Кліх ачольвае ў Эўрапарлямэнце дэлегацыю ў пытаньнях Беларусі. На ягоную думку, эўрапейскія структуры павінны задумацца над перанясеньнем паасобных палажэньняў амэрыканскага "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі" на эўрапейскі грунт.

Гаворыць Багдан Кліх:

(Кліх: ) "У доўгатэрміновай пэрспэктыве Эўразьвяз павінен задумацца над ранейшай сваёй палітыкаю ў дачыненьні да Беларусі, бо здаецца, што гэтая палітыка не дае выніку. Напэўна, трэба стварыць такія мэханізмы, якія дазволяць падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі.

“Трэба ісьці малымі крокамі. У Эўрапарлямэнце актыўна цяпер абмяркоўваецца пытаньне аб фінансавай падтрымцы для стварэньня радыёстанцыі, магчыма, для аднаўленьня дзейнасьці радыё "Рацыя", якое да нядаўняга часу існавала на Беласточчыне, а можа, і для стварэньня тэлевізійнай станцыі. Для гэтага я зрабіў пэўныя захады: скіраваў ліст камісару Крысу Патэну, які адказвае за замежную палітыку Эўразьвязу. У сваю чаргу адна з дэпутатак Эўрапарлямэнту спадарыня Андрыкенас зь Літвы ўнесла папраўку ў бюджэт на 2005 год, прапанаваўшы, каб у бюджэце былі закладзеныя пэўныя сродкі на гэтыя патрэбы”.

Гэта быў кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў пытаньнях Беларусі Багдан Кліх.
XS
SM
MD
LG