Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт сфатаграфаваў стос рэфэрэндумных бюлетэняў з ужо прастаўленымі значкамі ў квадраціку “ЗА”


Альгерд Невяроўскі, Менск Адзін зь беларускіх фотакарэспандэнтаў стаў у суботу сьведкам сэнсацыйнага здарэньня. На выбарчым участку ў менскай школе № 4 ён сфатаграфаваў стос рэфэрэндумных бюлетэняў з ужо прастаўленымі значкамі ў квадраціку “ЗА”. Сябры ўчастковай выбарчай камісіі выдавалі гэтыя бюлетэні людзям пажылога ўзросту, якія прыйшлі на датэрміновае галасаваньне.

Фотакарэспандэнт, які прасіў не называць ягонага імя й прозьвішча, распавёў у інтэрвію беларускай “Свабодзе”:

(Фотакарэспандэнт: ) “А 16-й гадзіне я прыйшоў у школу №4, каля “ленінскай” бібліятэкі, паздымаць хаду датэрміновага галасаваньня на выбарчым участку. Адна бабуля атрымала бюлетэнь. Я вырашыў зрабіць буйны плян я зразумеў, што ў яе бюлетэні ўжо стаіць значок у квадраціку “ЗА”. Бабуля таксама вельмі зьдзівілася, паглядзела на яго і задала пытаньне сябрам выбарчай камісіі: “Чаму блянк ужо запоўнены?” Дамы з выбарчай камісіі разгубіліся, перапалохаліся, пачалі нешта лепятаць незразумелае. Я тым часам навёў камэру на стол сябраў выбарчай камісіі і там побач са сьпісамі выбарцаў ляжаў пачак блянкаў з ужо прастаўленымі значкамі ў квадраціку “ЗА”. Я зьняў і хутка адтуль зьбег. Думаю, што гэтыя здымкі можна будзе ўбачыць на сайце аднаго з найбуйнейшых інфармацыйных агенцтваў навінаў”.
XS
SM
MD
LG