Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікам не даюць застацца на ноч каля пакояў, дзе знаходзяцца ўрны для галасаваньня; Вінцук Вячорка: "Калі яны так баяцца сьведак - нічога добрага яны не замысьляюць у гэтую ноч"


Валер Каліноўскі, Менск Давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па менскай Сухараўскай выбарчай акрузе Анатоля Лябедзькі пасьля заканчэньня працэдуры датэрміновага галасаваньня ў суботу ў большасьці выбарчых участкаў папрасіліся застацца на ноч побач з апячатанымі пакоямі для галасаваньня.

У шэрагу участкаў прадстаўнікі выбарчых камісіяў пагадзіліся, але ў некаторых участках ўзьніклі пярэчаньні. У справу ўмяшалася супрацоўніца адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сьвятлана Асіпчук, якая забараніла знаходжаньне назіральнікаў побач з пакоямі, дзе знаходзіліся урны для галасаваньня, і з дапамогай міліцыі загадала іх выводзіць.

На думку Анатоля Лябедзькі, улады рыхтуюць гэтай ноччу замену урнаў з бюлетэнямі папярэдняга галасаваньня. На некаторых участках замена магла адбыцца і папярэдняе ночы, напрыклад, у Мэдінстытуце, кажа спадар Лябедзька.

Назіральнікі заўважылі, што там учора бюлетэні ледзьве зьмяшчаліся ў урне для галасаваньня, настолькі яна была перапоўненая. А сёньня ўжо бюлетэні лёгка падалі.

***

Як паведамляе прэсавая служба партыі БНФ, 16 кастрычніка з ўчастку №530, які месьціцца ў вёсцы Цна, выгналі з участку дзьвюх давераных асобаў Вінцука Вячоркі й усіх назіральнікаў. Напрыканцы галасаваньня а 19-й гадзіне старшыня ўчастковай камісіі Ганна Вераціла запатрабавала ад назіральнікаў: "Рабочы дзень закончыўся - усе на выхад". На патрабаваньне давераных асобаў Тамары Мацкевіч і Леанарды Мухінай, а таксама назіральнікаў, прысутнічаць падчас запячатваньні скрыні, а таксама памяшканьня для яе захаваньня, адмовілі. Давераныя асобы адмовіліся выходзіць. Старшыня ўчастковай камісіі паклікала старэйшага лейтэнанта міліцыі, які вывеў іх сілай .

Падобная сытуацыя на ўчастку № 520 у даверанай асобы кандыдата Галіны Верамейчык. А 19-й гадзіне ёй сказалі: "Нельга, каб у памяшканьні знаходзіліся пабочныя асобы". Спадарыня Верамейчык адмовілася сысьці, на што прадстаўнік камісіі прыгразіў ёй і паклікаў міліцыянта. Спадарыня Верамейчык і на гэты раз адмовілася, за што старшыня камісіі склаў на давераную асобу заяву ў пракуратуру пра непадпарадкаваньне, а яна ў сваю чаргу - пра ціск на назіральнікаў. Прысутнічаць падчас запячатваньня скрыні ёй усё адно не дазволілі.

Вінцук Вячорка камэнтуе гэтыя здарэньні наступным чынам:

(Вячорка: ) "Паніка ахапіла старшыняў камісіяў якраз перад суботняй ноччу. Калі яны так баяцца сьведак -- нічога добрага яны не замысьляюць у гэтую ноч".
XS
SM
MD
LG