Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Ярмошына заяўляе, што яна зьяўляецца “гарачай праціўніцай адмены рэгістрацыі ў той час, калі ўжо пачалося галасаваньне”


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі паведаміла 16 кастрычніка пры канцы паседжаньня ЦВК, на якім апошні раз разглядаліся скаргі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, зьнятых з выбарчай гонкі. Спадарыня Ярмошына лічыць, што ў будучыні кандыдатаў у дэпутаты з выбарчай гонкі трэба здымаць толькі за злачынствы.

Падставай для такой нечаканай заявы стаў разгляд скаргі цяпер ужо былой незалежнай кандыдаткі ў дэпутаты па 109-й акрузе Менску доктаркі Сусаны Фурсы. Акруговая камісія зьняла спадарыню Фурсу з выбараў нібыта за тое, што яе даверчыя асобы раздалі выбарцам два (!) асобнікі газэты “Рэспубліка”, у якой была надрукаваная праграма кандыдаткі. Ніякіх канкрэтных доказаў распаўсюджваньня газэты акруговая камісія прад’явіць не змагла. І тым ня менш старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына прапанавала пагадзіцца з рашэньнем акруговай камісіі, хаця, паводле яе словаў, “любое рашэньне ня мае юрыдычнай пэрспэктывы”.

(Ярмошына: ) “Падтрымай акруговую камісію, і мы станем сатрапамі ў вачох шэрагу людзей. Маўляў, такія жорсткія, што зьнялі жанчыну за дзьве газэты. Адновім яе – зьявіцца падстава для прызнаньня выбараў несапраўднымі, бо ўжо ідзе галасаваньне. І немагчыма падлічыць, колькі галасоў яна ўжо страціла. І вось гэта зьяўляецца галоўным і вызначальным. І таму ў ЦВК няма іншага выйсьця, як ставіць на нашае галасаваньне прапанову акруговай камісіі ў гэтай адзінай рэдакцыі”.

Сябра Цэнтравыбаркаму з дарадчым голасам Уладзімер Нісьцюк, які прысутнічаў на многіх паседжаньнях, у тым ліку й сёньняшнім, упэўнены, што спадарыня Ярмошына не была шчырай:

(Нісьцюк: ) “Гэта – гульні. Яна не гатовая была адказаць на пытаньні, якія перад ёй ставіліся, таму й знайшла такі хітры ход – пачала разважаць і пачала шкадаваць. Я падчас працы зь сябрамі ЦВК з правам голасу ўпэўніўся, што яны прынцыпова падзяляюць нашыя пазыцыі. Але існуюць правілы гульні, у якія яны гуляюць. І існуюць правілы, паводле якіх гуляем мы. Для нас гэтыя правілы – закон. Яны гуляюць у гульню, якая завецца патураньнем уладзе”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму адзначыла таксама дрэнны ўзровень працы акруговых выбарчых камісіяў Менску – з гэтымі камісіямі пасьля выбараў адбудзецца “цяжкая й непрыемная размова”.
XS
SM
MD
LG