Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пракамэнтавала выказваньні прэсавага сакратара дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Р.Баўчара наконт беларускіх выбараў і рэфэрэндуму


Юры Сьвірко, Менск “Як звычайна, прадстаўнік амэрыканскага боку, як мінімум, выдае тое, што хацелася б бачыць Злучаным Штатам, за факты”, заявіў прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных

Хаця прэсавы сакратар амэрыканскага дзярждэпартамэнту ясна заявіў, што АБСЭ назірае толькі за выбарамі ў Беларусі, а ЗША – і за выбарамі, і за рэфэрэндумам, яго беларускі калега Андрэй Савіных мяркуе, што агульны зьмест камэнтара спадара Баўчара “стварае падманнае ўражаньне”, што місія БДІПЧ АБСЭ назірае за абедзьвюма кампаніямі. Паводле спадара Савіных, “ускосная спроба дзярждэпартамэнту выдаць свае ўласныя ацэнкі рэфэрэндуму, які да таго ж яшчэ не адбыўся, за меркаваньне назіральнікаў БДІПЧ уяўляецца нам абсалютна недарэчнай”.

Таксама прэсавы сакратар беларускага МЗС працытаваў свайго амэрыканскага калегу Рычарда Баўчара, які сказаў, што “згодна са справаздачамі Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе цяперашняя кампанія азмрочаная парушэньнямі”. Андрэй Савіных пракамэнтаваў гэта так: “Нам не зусім зразумела, на якія “справаздачы АБСЭ” спасылаецца афіцыйны прадстаўнік дзярждэпартамэнту”. Спадар Савіных дадаў, што дзьве прамежкавыя справаздачы назіральнай місіі АБСЭ ў Беларусі маюць давлі збалянсаваны ды шмат у чым тэхнічны характар, таму іх зьмест ніяк не дазваляе рабіць гэткія сур’ёзныя высновы, якія “далёка ідуць і якія спрабуе навязаць амэрыканскі бок”.

У выпадку, калі ЗША валодаюць іншымі справаздачамі, пра якія невядома афіцыйнаму Менску, апошні просіць амэрыканскіх партнэраў даць “магчымасьць азнаёміцца са зьместам гэтых дакумэнтаў, а таксама падзяліцца інфармацыяй аб крыніцах іх атрыманьня”.

Паводле беларускага МЗС, дзярждэпартамэнт ЗША з пасьпешлівасьцю й настойлівасьцю ўжо ня ў першы раз спрабуе загадзя паставіць пад сумнеў вынікі выбарчай кампаніі ў Беларусі ды яе дэмакратычны характар. Андрэй Савіных заявіў, што гэта цалкам пацьвярджае слушнасьць папярэдніх ацэнак МЗС Беларусі пра тое, што такія дзеяньні амэрыканскага боку значаць ня што іншае, як “аказаньне ціску на міжнародных назіральнікаў, іх нацэльваньне на апрыёры нэгатыўную ацэнку выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь”.

Прэсавы сакратар беларускага МЗС заявіў, што ў Злучаных Штатах таксама ідзе выбарчая кампанія, і неўзабаве адбудуцца выбары прэзыдэнта ЗША. “Правядзеньне мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША дае больш чым сур’ёзныя падставы сумнявацца ў выбарчым працэсе ў ЗША, адпаведнасьці яго вынікаў волі выбарцаў і адпаведнасьці выбарчага працэсу крытэрам АБСЭ. Гэтыя сумневы ўсім у сьвеце шырока вядомыя”, заявіў Андрэй Савіных і дадаў: “Мы таксама будзем уважліва сачыць за хадой будучых выбараў у ЗША”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG