Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынатарка назіральнікаў АБСЭ Тунэ Тынгсгорд: “Мы заклапочаныя сытуацыяй з СМІ”


Юры Сьвірко, Менск Адмысловая каардынтарка назіраньня за выбарамі ў Беларусі, прызначаная на гэтую пасаду паводле рашэньня дзейнага старшыні АБСЭ, дэпутатка парлямэнту Швэцыі й намесьніца старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Тунэ Тынгсгорд у суботу наведала адзін з выбарчых участкаў, дзе йшло датэрміновае галасаваньне. Яна таксама абвергла тэлесюжэт пра яе на БТ, назваўшы яго гнюсным.

Спадарыня Тынгсгорд за суткі знаходжаньня ў Менску пасьпела сустрэцца зь сябрамі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, кіраўніцтвам палаты прадстаўнікоў ды іншымі чыноўнікамі. Аднак у рэпартажы Беларускага тэлебачаньня пра сустрэчу ў Доме ўраду прагучала наступнае: “Упершыню за тыя доўгія тыдні, якія тут знаходзяцца назіральнікі АБСЭ, нам удалося сустрэцца зь імі. Дакладней, яны прыехалі на сустрэчу да беларускіх дэпутатаў. Калі пасьля паседжаньня мы спыталіся ў кіраўніцы дэлегацыі АБСЭ, што паказаў іх маніторынг, спадарыня Тынгсгорд адказала так, як чакалася: “Шчыра кажучы, я ня ведаю”. На гэтым яе інтэрвію тэлебачаньню скончылася, і Тунэ Тынгсгорд сказала:

(Тынгсгорд: ) “О! Гнюсна”.

Спадарыня Тынгсгорд заявіла, што карэспандэнты пыталіся зусім не пра маніторынг:

(Тынгсгорд: ) “Гэта было пытаньне якраз пра датэрміновае галасаваньне й выбарчыя ўчасткі, і я сказала, што ня ведаю, таму што мы тут не знаходзіліся цягам доўгага часу”.

Тунэ Тынгсгорд паведаміла, што ўпершыню трапіла на выбарчы ўчастак толькі а 16-й гадзіне ў суботу, калі пасьля абеду ішоў апошні пэрыяд датэрміновага галасаваньня. Аднак, на думку каардынатаркі назіраньня АБСЭ, арганізацыя самога галасаваньня – гэта не галоўнае.

(Тынгсгорд: ) “Мы занепакоеныя сытуацыяй з гэтай кампаніяй – я маю на ўвазе сытуацыю са сродкамі масавай інфармацыі й магчымасьцямі для партыяў і кандыдатаў праявіць сябе”.

Таксама спадарыня Тынгсгорд заявіла, што трэба зьвяртаць увагу й на пачатак выбарчай кампаніі:

(Тынгсгорд: ) “Што адбывалася на раньніх стадыях кампаніі, якія цяжкасьці зьведалі людзі падчас рэгістрацыі, як цяжка было раскручваць кандыдатаў, якія былі прычыны адмоваў кандыдатам… Вядома, трэба ставіцца да гэтага сур’ёзна. Гэта ёсьць сур’ёзным”.

На маё пытаньне, ці будзе яна абнародаваць свае высновы наконт рэфэрэндуму, Тунэ Тынгсгорд адказала:

(Тынгсгорд: ) “Я знаходжуся тут ад АБСЭ, і мы вырашылі назіраць за выбарамі. Але мы кажам, што ня можам не назіраць за тым, як уплывае рэфэрэндум на выбары. Гэта будзе залежаць ад нашых высноваў, я мяркую, але мы павінны згадаць яго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG