Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтарвыбаркам зноў адхіліў скаргі дэмакратычных кандыдатаў


Уладзімер Глод, Менск 16 кастрычніка Цэнтральная выбарчая камісія апошні раз разгледзела скаргі кандыдатаў у дэпутаты, якіх зьнялі з выбарчай гонкі. Ва усіх трох выпадках ім адмовіліся ўзнавіць рэгістрацыю.

Цэнтарвыбаркам не знайшоў падставаў, каб узнавіць рэгістрацыю намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча і незалежнай кандыдаткі — доктаркі Сусаны Фурсы ў 109-й акрузе Менску. У 103-й акрузе сталіцы адмовілі ў узнаўленьні рэгістрацыі сябру Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Івану Анташкевічу.

Алеся Міхалевіча абвінавацілі ў тым, што ягоная ініцыятыўная група нібыта распаўсюджвала ўлёткі без выходных зьвестак. Цяпер ужо былы кандыдат у дэпутаты сьцьвярджае, што гэтыя паперы былі выраблены нейкімі асобамі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да ягонай групы:

(Міхалевіч: ) “У кожнай гэтай улётцы была велізарная колькасьць памылак у беларускай мове — больш за дваццаць. Плюс да таго, на падробнай улётцы быў мой фатаздымак, які я аддаў у нашую акруговую камісію, у той час як на сапраўднай улётцы было зафарбавана некалькі плямаў на маім гальштуку”.

Спадар Міхалевіч, як толькі даведаўся пра падробленыя ўлёткі, зьвярнуўся з адпаведнымі заявамі ў пракуратуру, міліцыю і акруговую камісію. Але адтуль да гэтага часу не далі адказу на ягоную скаргу. Сябра ЦВК з дарадчым голасам Алесь Бяляцкі назваў гісторыю з падробнымі ўлёткамі правакацыяй адносна спадара Міхалевіча. Аднак на рашэньне камісіі гэта не паўплывала.
XS
SM
MD
LG